У ХХІІ Міжнародным турніры па міні-футболе ў Варшаве прынялі ўдзел каманды з 5 парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Турнір адбываецца з 11 па 16 лютага, сёлета яго ўпершыню арганізоўваў кс. Славамір Кельчык. У спаборніцтвах удзельнічалі каманды з Польшчы, Беларусі і Літвы.
Распачалі матч каманды юнакоў 95 і 96 г.н. Каманды з парафій Гродна-Аўгустовак і Божай Міласэрнасці (Вішнявец) удзельнічалі ў гульнях ва ўзроставай групе юнакоў 97 г.н. У выніку каманда Гродна-Аўгустовак атрымала 4-е выніковае месца, а вішнявецкая каманда – 5-е. Да таго ж лепшым гульцом турніра быў прызнаны Андрэй Снігіра з парафіі Гродна-Аўгустовак. Гэтую ўзнагароду хлопец атрымлівае ўжо другі год запар.
Кс. Антоні Абухоўскі прывёз у Варшаву на спаборніцтвы дзве каманды з парафіі Унебаўзяцця Божай Маці і св.Язафата Кунцэвіча (Сапоцкіна): юнакі 96 і 98 г.н., якія занялі на турніры 5-е і 7-е месцы адпаведна.
Каманда юнакоў 96 г.н.з парафіі св.Яна Хрысціцеля з Васілішак на турніры атрымала 4-е заліковае месца.
Таксама ад Гродзенскай дыяцэзіі выступілі каманды з Іўя – 99 і 2001 г.н. Каманды наймалодшай узроставай групы будуць разыгрываць прызавыя месцы турніра сёння, а таксама заўтра 16 лютага. Чакаем вынікаў.
Ідэя правядзення Міжнароднага турніра па міні-футболе належыць яго даўняшняму кіраўніку і арганізатару кс. Міраславу Мікульскаму. Яе сэнс ў тым, каб прапагандаваць сярод моладзі спорт, здаровы лад жыцця, добрае выхаванне і навязванне цеснай сувязі з Богам у кожным моманце жыцця. Гэта стала характэрным для ўсяго турніра. Перад першым свістком, а таксама пасля раздачы ўзнагарод усе ўдзельнікі злучаюцца ў супольнай малітве. Сёлета ўпершыню турнір арганізоўваў кс. Славамір Кельчык, якому справу перадаў кс. Міраслаў Мікульскі.
Здымак Станіслава Занеўскага