Skip to main content

На канале youtube з'явіўся фільм "Нашы касцёлы" ў трох моўных версіях

Фільм з’яўляецца квінтэсенцыяй працы над аднайменнай фотаэнцыклапедыяй, працу над якой Каталіцкае краязнаўчае таварыства "Conscius mei" вядзе ўжо адзінаццаты год. Фільм змяшчае фотаздымкі самых розных беларускіх касцёлаў - адноўленых з руінаў, новазбудаваных, адабраных пад іншыя прызначэнні, жамчужын беларускай архітэктуры.

Фільм існуе ў польскамоўнай, беларускамоўнай і англамоўнай версіях. Варта адзначыць, што англамоўная версія вельмі моцна адрозніваецца, напрыклад, ад польскамоўнай. Яна моцна скарочаная і разлічана на замежную аўдыторыю з разлікам прыцягнуць яе ўвагу да касцёльных будынкаў, якія патрабуюць неадкладнай рэстаўрацыі. Агулам фільм распавядае пра беларускія архітэктурныя славутасці, руіны, новабудоўлі і адабраныя храмы, напрыклад, пад Дамы культуры, клубы, пажарныя дэпо. У польскамоўнай версіі фільма, а пазней і ў беларускамоўнай версіі з'явілася яшчэ і частка фільму "Наша памяць", што распавядае пра рэпрэсіі, якія зазнала каталіцкае духавенства ў часе Другой сусветнай вайны. Знакавыя месцы фільма: Ліда, Росіца, Сурконты, канцлагер "Калдычэва", Дражна, Налібокі.

Фільм "Нашы касцёлы" па-беларуску, 2010 г., Беларусь. Рэжысёр Дзяніс Салаш. Першая ўзнагарода фестываля "Niepokalanów" (Польшча). Фільм распавядае пра каталіцкую архітэктуру, а таксама нагадвае аб трагічных лёсах каталіцкага клеру ў часе Другой сусветнай вайны. Фотаздымкі скампанаваныя па частках: “Нашы руіны”, “Нашы мары, ці не вернутыя касцёлы”, “Нашы радасці”, “Нашы будоўлі”, “Нашы інтэр’еры”, “Нашы прыгажуны”, “Наша памяць”, дзе падаюцца звесткі пра трагічныя лёсы каталіцкіх святароў у часе Другой Сусветнай вайны, “Нашы фэсты і працэсіі”.

Ніжэй фільм змешчаны ў польскаймоўнай версіі. Яго рэжысёрам таксама выступіў Дзяніс Салаш.

Фільм “Нашы касцёлы” ў англамоўнай версіі.

Аўтары мяркуюць, што калі фільм "Nasze kościoły" ў 2010 годзе атрымаў Першую ўзнагароду фестываля "Niepokalanów" - статуэтку св. Максімільяна, ён атрымаў яе менавіта за гэтую частку-даследаванне, над зборам гістарычнай інфармацыі для якой аўтары працавалі некалькі год. У тым жа годзе фільм стаў лаўрэатам фестывалю "Polskie ojczyzny'2010", што ладзіцца ў Чэнстахове Паланійнай Акадэміяй. Фільм тройчы трансляваўся на тэлеканале "Trwam".

Больш поўную інфармацыю аб праекце “Фотаэнцыклапедыя “Нашы касцёлы” можна знайсці на ягоным сайце http://hramy.com/