Skip to main content

Як салезіяне Смаргоні ў радасці перажывалі студзень месяц

Месяц студзень для салезіянскай сям’і вельмі дарагі. 22 студзеня ўспамінаем бласлаўлёную Лаўру Вікунью, выхаванку сясцёр салезіянак. Праз два дні святкуем святога Францыска Сальскага, ад імя якога і паходзіць назва нашай вялікай сям’і. Ксёндз Боско абраў гэтага святога як прыклад для сваіх духоўных сыноў і дачок. А ў апошні дзень студзеня перажываем дзень нараджэння для неба святога Яна Боско. Як мы перажывалі падрыхтоўку да гэтага свята ў Смаргоні?

22 студзеня разам з бл. Лаўрай Вікунья распачалі навэнну “Праз заступніцтва Святога Яна Боско мы просім…”. Кожны вечар у Каталіцкім моладзевым цэнтры дзеці моладзь і старэйшыя збіраліся каля фігуры святога, каб маліцца праз яго заступніцтва, а потым разам паспаборнічаць у спартыўным турніры па настольным тэнісе, шашках і настольным футболе. Болей за 50 хлопцаў і дзяўчат прынялі ўдзел у гэтым турніры, узрастаючы ў сяброўстве і пашане адзін да аднаго.

Уся парафія мела магчымасць яшчэ больш пазнаёміцца з постаццю святога Яна Боско праз прагляд мастацкага фільма Людовіка Гаспарыні “Дон Боско”. Шмат слёз і глыбокіх ўражанняў выклікаў гэты біяграфічны фільм.

27 студзеня ксяндзоў салезіянаў чакаў прыемны сюрпыз, падрыхтаваны моладдзю на знак удзячнасці за іх служэнне ў духу вялікага Выхаваўца. Аніматары і кандыдаты парадавалі ўсіх сваімі жартамі, сцэнкамі, крэатыўнасцю як сапраўдныя “гіганты смеху” падчас КВЗ. Радасць, спорт, музыка, тэатр – гэта ўсё тое, што любіць моладзь. Менавіта таму ксёндз Боско часта паўтараў, што праз гэтыя сродкі можна дайсці да святасці, толькі нельга загубіць цэнтр малітвы і сакраментальнага жыцця.

І вось 30 студзеня - доўгачаканы дзень урачыстасці, які сабраў вельмі шмат вернікаў, як на свята Божага Нараджэння ці Вялікдзень: святары з дэканату, сёстры, ксяндзы салезіяне начале з салезіянскім біскупам з Аўстрыі Людвігам Шварцам, шматлікія вернікі са Смаргоні, Мінска і інш. Святкаванне распачалі Святой Імшой а 18-й гадзіне. Падчас гэтай Св. Імшы 12 нашых парафіян прынеслі ўпершыню абяцанні ў Асацыяцыі Супрацоўнікаў Салезіянаў  “быць вернымі вучнямі Хрыста ў Каталіцкім Касцёле, працаваць у валадарстве Божым”, працягваючы справу маці Маргарыты. Болей чым 30 Салезіян Супрацоўнікаў аднавіла свае абяцанні.

Далей святкаванне працягвалася ў Каталіцкім моладзевым цэнтры, дзе нас чакала сустрэча салезіянскіх святых у небе. Яны размаўлялі пра араторый часоў кс. Боско і, увогуле, пра салезіянскую духоўнасць, што і нарадзіла пытанне, “а як сёння моладзь жыве ў араторыі”, асабліва ў Смаргоні. Нагадаць усім пра тое, з чаго пачалася місія кс. Боско, дапамаглі дзеткі з першага класа, паказаўшы прароцкі сон святога з 9 гадоў. Падчас вечара ўсе  - дзеці, моладзь, старэйшыя і госці - змаглі засяродзіць увагу над чатырма характарыстыкамі Араторыя: дом, школа, падворак і Касцёл.

Было дастаткова часу для моманту малітвы ўдзячнасці, прыгожага спеву, вяселых гульняў, дыпломаў для ўдзельнікаў спартыўнага турніру, салодкага пачастунку і моманту дыялога з шаноўным госцем з Аўстрыі. Падчас сваёй прамовы кс. біскуп Людвіг падзяліўся сваімі ўражаннямі ад прыезду ў Смаргонь. Ён быў вельмі здзіўлены, убачыўшы такую моцную і жывую веру парафіян, а таксама вялікую любоў да святога Яна Боско. Перш чым развітацца, зрабілі супольны здымак, каб потым яшчэ многа разоў можна было вяртацца ў памяці да гэтага цудоўнага святкавання.

На завяршэнне хочацца падзякаваць усім тым, хто так шчыра падрыхтаваў праз шматлікія рэпетыцыі літургічны спеў, прыгожыя дэкарацыі, фотахроніку, салодкі стол і шматлікія іншыя дробныя рэчы, якія разам дазволілі перажыць гэтую ўрачыстасць у духу сапраўднай салезіянскай радасці.

с. Ірына Барцэвіч, FMA i Ганна Семак

Фотаздымкі кс. Паўла Шчарбіцкага, SDB і кс. Івана Огара, SDB