Skip to main content

Фестываль калядных спеваў у Іўі штогод выклікае ўсё больш цікавасці

На юбілейным Х Фестывалі калядных спеваў "Gloria in Excelsis Deo" у Іўі ўсяго было шмат: удзельнікаў, ганаровых гасцей, гледачоў і падарункаў. Сёлетні музычны конкурс быў прысвечаны бл. Яну Паўлу ІІ.

Па словах кс. Яна Гавэцкага, арганізатара фестываля, штогод узровень удзельнікаў музычнага конкурса расце:

- Заўважаецца, што дзеці і моладзь прыязджаюць усё лепш падрыхтаванымі, не толькі ў плане спеваў, рэпертуару, але і сцэнічна. Сёлета, напрыклад, амаль усе мелі сцэнічныя касцюмы.

Для дзяцей удзел у Фестывалі калядных спеваў з’яўляецца добрай магчымасцю выпрабаваць свае здольнасці – музычныя, акторскія, камунікацыйныя. Яны перажываюць Божае Нараджэнне, спяваючы калядныя песні. Фестываль такім чынам выконвае важную функцыю ў захаванні гэтай традыцыі – бо інакш адкуль дзеці могуць вывучыць і пачуць столькі калядных песень на розных мовах? Таксама гэта і перажыванне радасных і пазітыўных эмоцый, звязаных са святам Божага Нараджэння.

Мерпрыемства ў выніку атрымліваецца настолькі прыгожым, з па-сямейнаму ўтульнай атмасферай, што гледачоў штогод набіваецца цэлая зала. На думку кс. Яна, сёлета паслухаць калядны канцэрт прыйшло як мінімум 600 чалавек. Пры гэтым розных канфесіяў:

- Я ў залі заўважаў і татараў таксама. Пра фестываль людзі ўжо пачынаюць пытацца задоўга да яго пачатку, з нецярпеннем яго чакаюць. Тыя, хто не наведвае касцёл, пытаюцца, калі будзе фестываль калядных спеваў.

На Юбілейнае мерапрыемства прыбыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі Генеральнага консульства Польшчы ў Гродне на чале з Андрэем Хадкевічам, дырэктар пастаральнага цэнтра пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ў Мінску кс. Эдмунд Друз SChr, былі прадстаўнікі мясцовых улад – старшыня Савета раённых дэпутатаў, кіраўнік аддзела культуры іўеўскага райвыканкама. Раённы выканкам сёлета падрыхтаваў узнагароду для ўладальніка Гран-пры – музычны цэнтр. А гасцям кіраўнік аддзела культуры ўручыў памятныя сувеніры ад мясцовага Дома рамёстваў.

Св. Імшу і перапынкі падчас фестываля ўпрыгожваў спевамі хор “Голас душы” з мінскага касцёла св. Сымона і Алены.

Калі казаць пра будучае развіццё Фестываля калядных спеваў, кажа кс. Ян, то ў арганізатараў ёсць думка ладзіць конкурснае праслухоўванне ў адзін дзень, а на наступны – гала-канцэрт, каб некалькі зменшыць працягласць усяго мерапрыемства ў нядзелю, якое доўжыцца гадзіны. Аднак гэта пакуль ідэя. Гледачы кажуць, што на фестывалі пануе вельмі сяброўская атмасфера, маладыя ўдзельнікі моцна падтрымліваюць адзін аднаго. Таму пра будучы фармат гэтага прыгожага мерапрыемства арганізатары абяцаюць яшчэ падумаць.