Пералік сацыяльных паказанняў скарацілі з дзесяці да двух пазіцый. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 11 студзеня 2013 года №23.
Зараз зрабіць аборт пры наяўнасці сацыяльных паказанняў, які ў Беларусі праводзіцца ў тэрмін да 22 тыдняў, можна жанчынам, якія зацяжарылі ў выніку гвалту, і тым, хто рашэннем суду пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
Раней у пералік сацыяльных паказанняў для штучнага перапынення цяжарнасці акрамя вышэй адзначаных пунктаў уваходзілі факт знаходжання жанчыны ці яе мужа ў месцах пазбаўлення волі, наяўнасць інваліднасці І, ІІ групы ў мужа, наяўнасць дзіцяці-інваліда з дзяцінства, смерць мужа падчас цяжарнасці жанчыны, скасаванне шлюбу падчас цяжарнасці, шматдзетнасць, прызнанне жанчыны ці яе мужа беспрацоўнымі падчас цяжарнасці жанчыны, наяўнасць у жанчыны статуса бежанца.
У Беларусі вылучаюць тры групы падстаў для перапынення цяжарнасці: па жаданні жанчыны без тлумачэння прычын аборт праводзіцца ў тэрмін да 12 тыдняў, па медыцынскіх паказчыках перапыненне цяжарнасці дапушчаецца на любых тэрмінах, па жаданні жанчыны і пры наяўнасці сацыяльных паказчыкаў аборт праводзіцца ў тэрмін да 22 тыдняў.
Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, штогод каля 92% абортаў у краіне робяць да 12 тыдняў цяжарнасці, прыкладна 21% абортаў робяцца ў сувязі з пачаткам самавольнага перапынення цяжарнасці. У 2011 годзе ў Беларусі было зроблена 26 тысяч 858 абортаў, у 2010 годзе – 27 тыс. 662, а ў 2000-м – 121 тыс. 900.
Беларусь знаходзіцца ў найбольш ліберальнай групе краін, дзе жанчына мае права самастойна вырашаць лёс цяжарнасці. Сюды ўваходзяць краіны на тэрыторыі СНД і Балтыі, пэўныя краіны Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Цалкам забароненыя аборты ў Мальце і Ватыкане. Злачынствам аборт разглядаецца таксама ў Аўганістане, Венесуэле, Егіпце, Іране, Іраку, Чылі, Ірландыі і шэрагу іншых краін. Аборт толькі па медыцынскіх паказчыках і ў іншых выключных выпадках дазволены ў Аргентыне, Бразіліі, Ізраілі, Польшчы і інш. У Англіі, Індыі, Ісландыі. Японіі, Люксембургу, Фінляндыі аборты дазволеныя толькі па медыцынскіх і сацыяльна-эканамічных пакачыках, а таксама ў выпадках гвалту.
Паводле інфармацыі БЕЛТА