Skip to main content

Касцёл у Гервятах заняў першае месца ў топе самых прыгожых касцёлаў Беларусі

Інтэрнет-сайт Vandrouka.by апублікаваў топ-30 самых прыгожых касцёлаў нашай краіны. Пальму першынства эксперты аддалі касцёлу Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах.

Троіцкі касцёл у Гервятах ў гэтым годзе адсвяткуе сваё 110-годдзе. Касцёл турысты называюць «беларускім Нотр-Дамам». Ён адзіны ў Беларусі, у архітэктуры якога выкананы ўсе нормы і правілы готыкі. Алтарныя кампазіцыі і амбон выкананы ў стылі неаготыкі. Унутранае ўбранне касцёла таксама дзівіць пышнасцю. А арганныя канцэрты ў храме прыцягваюць слухачоў здалёк. Наўрад ці каго пакіне абыякавым і ўладкаваны тут ландшафтны парк з фігурамі апосталаў.

На другім месцы рэйтынгу Vandrouka.by - касцёл святога Францыска Ксаверыя (фарны) у Гродне, на восьмым - касцёл Маці Божай Ружанцовай у аграгарадку Солы Смаргонскага раёна.

У ліку самых прыгожых таксама названы Троіцкі касцёл у вёсцы Шылавічы Ваўкавыскага раёна, касцёлы святых Пятра і Паўла ў Барунах Ашмянскага раёна, святога Казіміра ў вёсцы Ліпнішкі Іўеўскага раёна, святога апостала Андрэя ў Слоніме, Адшукання святога Крыжа ў Гродна (бернардынцаў), святога Архангела Міхаіла ў Ашмянах, Прэабражэння Гасподняга (фарны, Фара Вітаўта) у Наваградку, святых Пятра і Паўла ў вёсцы Ражанка Шчучынскага раёна, святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Міхалішкі на Астравеччыне і святога Архангела Міхаіла ў вёсцы Белагруда Лідскага раёна.

Наталля Валынец, grodnonews.by

Здымак з photoclub.by