Skip to main content

У Лідзе ладзілася сустрэча душпастырства цвярозасці (фота)


Святочная калядная сустрэча душпастарства цвярозасці з традыцыйным ламаннем аплаткі прайшла ў Лідзе 12-13 студзеня. На  ёй, паводле галоўнага арганізатара сп. Юрыя Гапоніка, сабралася больш за 300 чалавек з усёй Беларусі, а таксама з Украіны, Расіі, Латвіі, Літвы і Польшчы.

Сустрэча выходзіла па-за канфесійныя межы, таму што большасць удзельнікаў адначасова належала таксама  да руху "Ананімных Алкаголікаў". Першы дзень спаткання распачаўся з уступнай канферэнцыі на тэму "Мы патрэбны адзін аднаму", дзе удзельнікі разважалі аб патрэбе ўзаемадапамогі для тых, хто сутыкаецца з праблемамі алкагалізму. У гэтай канферэнцыі прынялі таксама ўдзел пробашч лідскага Фарнага касцёла кс. др Уладзімір Гуляй, а таксама пробашч лідскай парафіі Св. Сям'і кс. Юзэф Ганьчыц. Пасля пачатковай сустрэчы ўдзельнікі зладзілі святочны канцэрт, пасля якога супольна прыгадалі першы і асноўны крок руху АА, якім з'яўляецца прызнанне і бяссілле чалавека перад абліччам хваробы залежнасці ад алкаголю.

Апошні дзень сустрэчы насіў духоўна-рэлігійны характар. А 9-й гадзіне з раніцы ў лідскім Фарным касцёле была цэлебравана св. Імша на чале з кс. др Уладзімірам Гуляем, які затым, паводле традыцыі, асвяціў аплаткі.

Міжнародныя сустрэчы падобнага фармату праводзяцца ўжо 9 раз, збіраючы вялікую колькасць людзей з многіх краін блізкага замежжа, каб сумеснымі намаганнямі дапамагаць адзін аднаму ў змаганні з праблемамі п'янства і алкагалізму.