Skip to main content

Усе шляхі вядуць у Рым: яшчэ адзін аповед пра Тэзэ

Увечары 26 снежня групы моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі сталі прыбываць у пабрыгіцкі касцёл, каб прыняць удзел у Эўхарыстыі перад доўгім падарожжам. Усе гэтыя маладыя людзі накіроўваліся ў Рым на сустрэчу са сваімі аднагодкамі з розных краін Еўропы.

Нягледзечы на тое, што гэтая сустрэча праходзіць падчас навагодніх канікул, а таксама ва ўмовах, часам далекіх ад умоваў гатэлей, шмат маладых людзей розных хрысціянскіх веравызнанняў збіраецца, каб памаліцца разам у духу еднасці. Менавіта гэта і ёсць асноўнай мэтай спаткання: пілігрымка даверу на зямлі.

Праграма гэтых сустрэч пакідае дастаткова часу на абмеркаванні ў групах, супольныя малітвы, а таксама на тое, каб пабачыць здабыткі тых гарадоў, дзе яна адбываецца. Зазвычай супольныя малітвы адбываюцца ў вялікіх памяшканнях, дзе збіраюцца ўсе удзельнікі. Але ў гэты раз удзельнікі збіраліся ў некалькіх групах і маліліся ў старажытных базіліках і касцёлах Рыма. Малітва ў такіх месцах набывае адметны характар, дзякуючы асаблівай атмасферы, якая ствараецца маладымі людзьмі, іх прагненнем быць у гэты момант у гэтым месцы, а таксама самым месцам.

Наведванне здабыткаў старажытнага горада спрыяе паразуменню паміж людзьмі з розных культур, а таксама ўзбагачае духоўна. Арганізатары паклапаціліся аб тым, каб пілігрымы маглі выбраць такую праграму наведвання, якая найбольш ім падабаецца. Вялікая колькасць знакамітых месц Рыма цесна злучана з гісторыяй хрысціянства. Таму наведванне іх адначасова ўзбагачае чалавека і духоўна, і культурна.

Асабіста на мяне такі змешаны адбітак пакінула наведванне плошчы св. Пятра і малітва з Пятром нашым часоў – Святым Айцом Бенедыктам XVI. Спосаб арганізацыі гэтай сустрэчы, вялікая колькасць валанцёраў, адкрытыя сэрцы і дамы жыхароў Рыма даюць магчымасць зразумець, што ўсе разам яны могуць зрабіць вельмі шмат, нягледзечы на тое, што маюць адрозненні ці то ў культуры, ці то ў веравызнанні. Наадварот, наша еднасць – у нашай разнастайнасці.

Вось і атрымалася так, што дарогі 40 тысяч маладых людзей з усей Еўропы спаткаліся ў Рыме на некалькі дзён. А спаткаліся яны для таго, каб па вяртанні дадому шукаць і паказваць іншым дарогу да еднасці і даверу, хоць яна можа быць вузкай і нялёгкай.

Аляксандр Лычкоўскі