Skip to main content

а. Юзэф Макарчык пра Грыгорыя Хасіда: Да яго можна было завітаць у кожны час

У чацвер 3 студзеня на 88-м годзе жыцця памёр Грыгорый Хасід, апошні карэнны гродзенскі габрэй, які меў сумны досвед перажыць два гродзенскія гетта і якому пашчасціла пазбегнуць лёсу амаль што 29 тысяч сваіх супляменнікаў, уцякаючы ад смерці падчас перавозу ў канцэнтрацыйны лагер у Трэблінцы.

 

Пахаванне гэтага мужнага і сціплага чалавека адбылося сёння на старых габрэйскіх могілках у Пышках. На пахаванні таксама прысутнічаў а. Юзэф Макарчык OFMСonv, пробашч гродзенскага францішканскага касцёла.

А. Юзэф назваў спадара Грыгорыя сваім сябрам, з якім першы раз яму пашчасціла сустрэцца ў 1996 годзе і пра якога ён сказаў так:

- Бываюць такія людзі, з якімі спаткаешся і развітаешся, але таксама і такія, з якімі прыемна сустракацца амаль што ўсё жыццё. І да такіх людзей менавіта належаў спадар Хасід. Шмат было ў яго сапраўдных чалавечых рысаў, такіх як даверлівасць, гатоўнасць дапамагаць, адукаванасць (ведаў сем моваў), культура, адкрытасць і прамяняючая дабрыня. Я не бачыў у ім не кропелькі хлусні і фальшу. Да яго можна было прыйсці ў кожны час і кожную пару. Ён быў сведкам трагедыі тых 29 тысяч чалавечых жыццяў, закатаваных фашыстамі. Шмат чаго ён перажыў. Шкода, што яго не стала сярод нас, і гэтая постаць адыйшла ў гісторыю. Праз некаторы час, думаю, аб ім будуць пісаць кнігі. На маю прапанову выкладаць іўрыт у Гродзенскай семінарыі ён адказаў: "Мне не мае значэння, каго вучыць". У адносінах паміж людзьмі ён не глядзеў на канфесію, а на чалавека, - падсумаваў айцец францішканін.

Дарэчы, Грыгорый Хасід дапамагаў а. Юзэфу ў працы над выданнем кнігі "Нататнік Гродзенскага гетта"

Фота з tutgrodno.com