Skip to main content

А. Караль Барнась адзначаны медалём Pro Ecclesia et Pontifice

А. Караль Барнась CSsR aтрымаў крыж за заслугі Pro Ecclesia et Pontifice, які быў прызначаны Святым Айцом Бенедыктам XVI па прапанове гродзенскага біскупа Аляксандра Кашкевіча, у доказ прызнання заўзятай апостальскай працы на Беларусі. Такім чынам кс. біскуп хацеў адзначыць яго 20-гадовы ўклад у епархіяльнае жыццё гродзеншчыны.

 А. Барнась працаваў пробашчам у Вялікіх Эйсмантах і Занявічах на Беларусі. На працягу 20 гадоў быў дэканам дэканату Вялікая Бераставіца. Такімі словамі ўспамінае ён пачатак сваёй службы на гродзеншчыне: “Я прыехаў 27 мая 1990 года ў парафію Вялікія Эйсманты, якая знаходзіцца за 50 км на поўдзень ад Гродна. У плябаніі на той час месцілася бальніца, таму я пасяліўся ў цёткі Камілы. У мяне было 2 пакоі – спальня і гасціная. Да гэтага часу прыяжджаў святар з суседняй парафіі. Праз пару дзён я атрымаў у дадатак яшчэ 2 парафіі – Занявічы і Вялікую Бераставіцу (раённы цэнтр). Гэтыя тры парафіі складаюць 60 км у даўжыню. На дадзенай тэрыторыі было 3500 каталікоў. Дадайце да гэтага яшчэ 2 капліцы, дзе св. Імша праводзілася кожную нядзелю і святы (…). Парафіі Вялікія Эйсманты і Занявічы шляхецкія, гэта значыць людзі лічаць сябе палякамі, размаўляюць на польскай мове, прывязаны да Касцёла, захоўваюць звычаі і традыцыі свайго народа”.

Праз год працы а. Караль пабудаваў новую плябанію ў Эйсмантах, а ў парафіі Вялікая Бераставіца прыехаў новы пробашч а. Раман Цесляк СSsR.

Трэба дадаць, што 2 парафіі а. Караля багатыя на пакліканні. За 20 гадоў працы а. Барнась арганізаваў 8 прыміцый. З парафіі ў Эйсмантах паходзяць некалькі святароў, а з парафіі Занявічы, якая не налічвае зараз і 200 асоб - 10. Найбольшай радасцю для парафіі і для а. Караля было пасвячэнне і першая св. Імша а. Андрэя Ёдкоўскага з Занявіч.

Летам 2010 года, пражыўшы 75 гадоў, прайшоўшы 50 гадоў службы і 20 гадоў ахвярнай і плённай працы ў Гродзенскай дыяцэзіі, а. Караль вярнуўся ў Польшчу. З таго часу ён працуе ў супольнасці рэдэмптарыстаў у Тухаве.

Крыж за заслугі Pro Ecclesia et Pontifice быў устаноўлены папам Леонам XIII 17 ліпеня 1888 года апостальскім пісьмом Quod Singulari Dei Concessu, мэтай якога было ўвекавечыць 50-годдзе яго службы. Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якую Святы Айцец можа прызначыць кансэкраванай асобе, якая не можа прыняць званне каноніка ці пралата па прычыне законнага стану. Гэтую адзнаку могуць атрымаць таксама законныя сёстры і свецкія асобы.

А. Сільвестар Цабала CSsR

Паводле redemptor.pl

Пераклад grodnensis.by