Skip to main content

Моладзь з "Open" паўдзельнічала ў навагодніх рэкалекцыях

Гродзенская каталіцкая моладзь сустракала Новы год падчас рэкалекцый каля польскага Тарнава супольна з моладдзю студэнцкіх душпастарстваў Кракава, Быдгошча, Познані, Варшавы. Духоўная сустрэча адбывалася з 27 снежня па 1 студзеня.

Па словах кс. Антонія Грэмзы, кіраўніка АД “Open”, такія сустрэчы штогод арганізуе а. Ян Гура з супольнасці айцоў дамініканаў. Айцец з’яўляецца душпастарам руху моладзі з Ледніц, дзе ладзяцца штогадовыя агульнапольскія сустрэчы моладзі.

На духоўную сустрэчу ў Ямна каля Тарнава прыехала каля 250 чалавек, з іх было 11 гродзенцаў з душпастарства “Open”. Моладзь разам малілася, сустракала Новы год, удзельнічала ў адарацыях і канферэнцыях, супольных размовах.

Тэма навагодніх рэкалекцый была розная. Напрыклад, першы дзень быў прысвечаны тэме супольнасці, як быць супольнасцю. На другі дзень разважалі над тэмай сведчання веры ў сучасным свеце, трэці дзень быў прысвечаны Божаму бласлаўленню ў нашым жыцці. Абмяркоўваліся і розныя вольныя тэмы.

Здымак з http://www.lednica2000.pl