Skip to main content

Сумныя падзеі ў 2012 годзе ў Гродзенскай дыяцэзіі

Нажаль 2012 год меў сумныя падзеі, якія былі звязаныя з адыходам у вечнасць блізкіх нашаму сэрцу людзей. Аднак гэты смутак для кожнага веруючага ў Хрыста асветлены ясным променем надзеі абяцанага збаўлення. Таму тыя, хто яшчэ крочыць шляхам зямнога падарожжа могуць успомніць і падтрымаць спачыўшых у Хрысце людзей сваёй малітвай. Ніжэй прапануем таксама узнесці малітвы за наступныя асобы:

 

 

С. Францішка ад Духа Святога СSFN (Марыя Занеўская) спачыла 1 сакавіка на 88 годзе жыцця. С. Францішка на працягу ўсяго свайго жыцця засталася вернай свайму пакліканню, спаўняючы штодзённыя манаскія абавязкі.

Кс. Руфус Перэйра, якога Бог паклікаў ранкам 2 мая на 79 годзе жыцця. Гэты святар праводзіў сваю дзейнасць па ўсім свеце, абвяшчаючы канферэнцыі, публікуючы артыкулы і кніжкі са сферы духоўнасці і духоўнага змагання. Кс. Руфус 4 разы прыязджаў у Беларусь, праводзячы рэкалекцыі для свецкіх асоб і святароў, у выніку якіх шмат хто дзякуе Пану Богу за перамененае на лепшы лад жыццё.

Кс. Пётр Крыкшчукайціс, адыйшоў да Пана 3 чэрвеня падчас святой Імшы а 11 гадзіне ў Касцёле св. Ліна ў Пелясе, на 62 годзе жыцця. З 1990 г. працаваў душпастырам у парафіі св. Ліна ў в. Пеляса (Радунскі дэканат).

За апошнія 5 гадоў на дарогах Гродзеншчыны загінула 29 дзяцей, таму ў верасні па ініцыятыве Гродзенскай ДАІ была зладжана спецыяльная акцыя памяці загінулых дзетак.

Яніна Буяноўская, родная сястра кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі, якая адыйшла ў вечнасць 27 кастрычніка на 89 годзе жыцця.

С. Малгажата Забароўская СSFN, пакліканая Богам 2 снежня на 78 годзе жыцця. Спачылая с. Малгажата, якая прыналежала да назарэтанскай манаскай супольнасці, на працягу ўсяго свайго жыцця выконвала служыла Богу і людзям ў г. Гродна.

 

*Агляд сумных падзей у 2012 годзе змешчаны храналагічна