Skip to main content

Адзінаццацікласнікі з парафіі Гродна-Аўгустовак атрымалі ўзнагароды за ўратаванне жыцця

24 снежня на Вігілію Божага Нараджэння на заканчэнне Пастэркі маладым вернікам парафіі Гродна-Аўгустовак Паўлу Цынеўскаму і Максіму Мухлядзе ўручылі ўзнагароды за ўратаванне чалавечага жыцця. Спецыяльныя ўзнагароды з адзнакай за ўратаванне жыцця чалавеку і шкляныя статуэткі перадало Таварыства “Парафіяда св. Юзафа Каласанцыя” з Варшавы.

Летам гэтага года хлопцы ўратавалі жыццё 50-гадоваму паляку на Балтыйскім моры.

Павел і Максім навучаюцца ў 11 класе сярэдняй гродзенскай школы №37. У ліпені гэтага годы хлопцы разам з моладдзю парафіі Гродна-Аўгустовак пад кіраўніцтам кс. Артура Малафея ўдзельнічалі ў Парафіядзе ў Варшаве. Напярэдадні спаборніцтваў падлеткі 2 тыдні адпачывалі ў парафіядным летніку ў Дэмбках на Балтыйскім моры.

Адным днём група традыцыйна адпачывала на беразе Балтыйскага мора. Пад вечар кс. Артур прагульваўся берагам, калі падбегла жанчына сярэдняга ўзросту. Яна ўзрушана спытала, ці ўмее ён плаваць. Святар спытаў, што здарылася. Яна паказала рукой у адкрытае мора – дзесьці за метраў 60-70 ад берага быў яе муж, які патрабаваў дапамогі. Кс. Артур крыкнуў сваёй падапечнай групе моладзі на беразе “На дапамогу!”. Хлопцы кінуліся да мора, некаторыя, ацаніўшы свае сілы, засталіся каля берага. Два хлопцы – Павел і Максім – хутка паплылі да мужчыны, святар паплыў за хлопцамі. Мужчына абхапіў рукамі матрац і так трымаўся на вадзе – з-за халоднай вады яго ногі не рухаліся, і мужчына не мог плысці. Хлопцы ўзяліся за матрац і дацягнулі яго да берага. Так ўдалося ўратаваць чалавеку жыццё. Яго жонка пасля сказала святару: “Бог нам паслаў святара з групай, якія ўратавалі майго мужа”. Справа ў тым, што выпадак здарыўся каля 17.30, у той час як выратавальная служба сыходзіць з пляжа ў 17 гадзін. Пасля гэтага часу кожны ўваходзіць у мора на свае страх і рызыку.

На наступны дзень уратаванае сужэнства - сп. Іза і сп. Яцэк з Сілезіі - прыйшлі на св. Імшу, якую цэлебраваў кс. Артур і дзе таксама прысутнічала група моладзі з Гродна. Напрыканцы літургіі мясцовы пробашч выказаў беларускім падлеткам падзяку за ўратаванне чалавечага жыцця. А сямейная пара з Польшчы ўручыла хлопцам памятныя заплечнікі, ксяндзу – ілюстраванае выданне пра Польшчу.

Павел Цынеўскі

Максім Мухляда

Рада Парафіяды хацела ўручыць хлопцам узнагароду за ўратаванне жыцця яшчэ ў Варшаве, аднак Павел мусіў з’ехаць раней. Тады было вырашана перадаць узнагароды ў Беларусь і ўручыць у сваёй парафіі.

- Мы падумалі, што так нават будзе лепш, - кажа кс. Артур. – Таму што гэта будзе і добры прыклад сапрыўдных хрысціянскіх паводзін для нашай моладзі.

Такім чынам узнагароды Паўлу і Максіму ўручылі ў святочнай абстаноўцы напярэдадні Божага Нараджэння ў прысутнасці шматлікіх парафіян.

Яшчэ раней перад пачаткам навучальнага года кс. Артур ад імя парафіі напісаў ліст падзякі Паўлу і Максіму і перадаў яго ў родную школу хлопцаў. У лісце дзякавалі і школе, якая выхавала падлеткаў. На лінейцы 1 верасня ім і зачыталі ліст.

Пра сам выпадак Павел і Максім выказваюцца вельмі сціпла:

- Па-першае, мы не адчуваем сябе нейкімі героямі, - кажа Павел Цынеўскі. – Тады нават і не зразумелі, што адбывалася. Проста пачулі крык, убачылі мужчыну і адразу паплылі. Не было думак, што халодная вада, што ў нас можа не хапіць сілаў. Толькі праз гадзіны дзве прыйшло ўсведамленне, што мы ўратавалі чалавека і што сітуацыя магла б скончыцца іначай. Тая пара нам увесь час дзякавала. Хоць гэта, канешне, прыемна, што ты зрабіў штосьці вельмі добрае і людзі вакол гэта ацанілі. Па шчырасці, толькі калі пачалі пісаць у газетах ці паказалі нас па тэлебачанні, мы адчулі нешта кшталту гордасці.