Skip to main content

Якая зорка вяла мудрацоў да Збаўцы?

Бэтлеемскія зоркі з марскіх ракавін, калядныя паштоўкі розных эпох, гравюры з выявамі Божага Нараджэння – усё гэта можна ўбачыць на каляднай выставе, адкрыццё якой адбылося 20 снежня ў Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне. Сёлета арганізатары акцэнтавалі ўвагу гледачоў на выявах аднаго з самых загадкавых момантаў у Бібліі – Бэтлеемскай зорцы.

Выстава распачынаецца Евангеллем, якое разгорнутае на выяве св. Евангеліста Мацвея, бо менавіта ён распавядае пра Бэтлеемскую зорку і мудрацоў з Усходу. У музеі экспануецца Евангелле, датаванае XVII ст.

Бэтлеемская зорка ўжо больш за 2 тысячы год прысутнічае ў сімволіцы гэтага свята. Пра гэтую зорку з даўніх часоў людзі разважалі і тлумачылі. Над яе паходжаннем разважалі і вернікі, і навукоўцы. Да сённяшняга часу ёсць некалькі меркаванняў на гэты конт, распавяла навуковы супрацоўнік музея Галіна Хамко. Напрыклад, Айцы Царквы Арыген і Дамаскін лічылі, што гэта камета. Таму цяпер мы часта бачым выяву Бэтлеемскай зоркі з хвастом.

- Каметы, як мы ведаем з гісторыі, з’яўляліся тады, калі павінна адбыцца штосьці цудоўнае, вельмі значнае, - кажа сп. Галіна. - Таму тут сапраўды магла быць камета, бо адбылася надзвычай важная падзея – нараджэнне Езуса Хрыста. Іншыя навукоўцы кажуць, што гэта не магла быць камета, бо акрамя мудрацоў яе ніхто не заўважыў, а хвост каметы з зямлі заўважылі б многія. Ёсць яшчэ адна цікавая версія, што гэта было з’яднанне трох планет. Дарэчы, пра гэта казаў як навуковец XVII ст. Ёган Кеплер, так і гаварылі прадстаўнікі Царквы – старажытнахрысціянскі багаслоў Цертуліян. Яны лічылі, што гэта было збліжэнне планет Сатурна, Юпіцера і Марса, якое адбылося ў 6-7 гг. да Раства Хрыстова. Кеплер на самым пачатку XVII ст. бачыў на небе гэтае збліжэнне, сярод планет Кеплер убачыў і мімалётную зорку. Ён лічыў, што, магчыма, гэта тая Бэтлеемская зорка, якая была і тады, калі нарадзіўся Езус Хрыстус.

Яшчэ існуе думка, што гэта была не тая Бэтлеемская зорка, якую мы зараз бачым на небе ці бачылі людзі раней. А гэта была незвычайная анёльская сіла. Так лічыў Ян Златавуст, таму не трэба яе дакладна вылічваць.

Ёсць і іншыя думкі наконт таго, чым з’яўлялася Бэтлеемская зорка. Але ніхто пакуль не можа растлумачыць, як гэтая зорка, як кажа Евангеліст Мацвей, ішла перад мудрацамі, як яна затрымлівалася на небе, калі тыя адпачывалі, і як яна знікла, калі мудрацы прыйшлі ў Ерузалем, каб Ірад не даведаўся, дзе Дзіцятка, і як пасля зорка з’явілася, калі каралі выйшлі з Ерузалему. Зорка спынілася над тым месцам, дзе былі Дзіцятка Езус і Марыя. Па паданні лічыцца, што зорка ўпала ў калодзеж. Цяпер ён знаходзіцца ў храме Раства Хрыстова ў Бэтлееме. У гэтым храме ў 1717 годзе браты супольнасці францішканаў усталявалі зорку з 14-цю прамянямі. Там ёсць надпіс, што менавіта ў гэтым месцы, у пячоры нарадзіўся Езус Хрыстус.

На выставе можна ўбачыць старажытныя гравюры, на якіх бачна, як прынята маляваць нараджэнне Езуса Хрыста ў каталіцкай традыцыі. Так, на выявах з нараджэннем Дзіцяткі Езуса можна ўбачыць навес, руіны палаца – лічыцца, што гэта быў палац цара Давіда. Таксама вылучаецца форма яселькаў маленькага Езуса. На гравюрах можна ўбачыць пакланенне пастушкоў, пра якіх казаў Евангеліст Лука. Акрамя гэтага, выстава дэманструе прыгожую калекцыю Бэтлеемскіх зорак, зробленых з ракавін і перламутру цёплых мораў.

Падрыхтавалі супрацоўнікі музея і калекцыю калядных паштовак самых розных часоў, на якіх ёсць разнастайныя выявы Бэтлеемскай зоркі.