Skip to main content

Медыкі Гродна разважалі над тэмай веры

З 14 па 16 снежня адбыліся першыя адвэнтавыя рэкалекцыі для гродзенскіх медыкаў, у якіх прымала ўдзел больш за 60 чалавек. Амаль 3 дні вернікі ў пабрыгіцкім касцёле рыхтавалі свае сэрцы для сустрэчы з Езусам на Божае Нараджэнне. Духоўныя практыкаванні былі прысвечаныя роздумам аб веры – “Што значыць “верыць”?”

Асноўнай мэтай рэкалекцый было ўмацаванне веры медыцынскіх работнікаў, якія павінны сталь апосталамі веры ў сваіх сем’ях, на сваёй працы, дапамагаць людзям у падтрыманні іх веры.

Рэкалекцыі праводзіў кс. Андрэй Рылка, святар Пінскай дыяцэзіі, выкладчык ВДС у Пінску. У сваіх канферэнцыях ён паказаў медыкам сутнасць веры, якая з’яўляецца асабістымі стасункамі чалавека з Богам. Адна з канферэнцый была прысвечана відам перажывання веры, відам адносінаў да Бога і спакусам, якія адводзяць ад сапраўднай веры. Асабліва кс. рэкалекцыяніст рэкамендаваў прыгледзецца да ганарыстасці, асноўнаму граху, які першкаджае веры і адносінам з Богам. Кс. А. Рылка заклікаў медыкаў змагацца з “вірусам” граху, “духоўным ракам”, навучыцца бачыць сваю “хваробу”, свае грахі, шукаць ацалення ў Бога і вучыцца слухаць Яго, а таксама паказаў на важную ролю малітвы ў нашым жыцці.

Кс. Андрэй звярнуў увагу на адрозненне паміж вобразам Бога і самім Богам, Богам і божым, Дарыцелем і дарам. Ён адзначыў дынамічны характар веры, у якой трэба развівацца, узрастаць. Канферэнцыі суправаджаліся малітвамі аб умацаванні веры, св. Імшой, адарацыяй і споведдзю.

У апошні дзень рэкалекцый медыкі сустрэліся на нядзельнай св. Імшы, якую ўзначаліў кс. біскуп А. Кашкевіч. Скончыліся рэкалекцыі аплаткавай сустрэчай душпастарства службы здароўя.

Караліна Бутоліна