Skip to main content

Сустрэча былых вязняў лагераў і гетта адбылася ў Гродне

Былыя вязні канцлагераў і гетта Гродзеншчыны сустрэліся сёння ў Гродне па ініцыятыве Фонда імя Максіміліяна Кольбэ і Гродзенскай дабрачыннай арганізацыяй “Карытас”. Арганізатары падрыхтавалі ўдзельнікам сустрэчы прадуктовыя падарункі, якія ўручалі гасцям валанцёр з нямецкага фонда Георг Таўбіц і старшыня гродзенскай арганізацыі “Карытас” кс. Віталі Дабраловіч.

- Цешуся, што ўпершыню я прысутнічаю на такой сутрэчы з людзьмі гісторыі. Бо тое, што перажылі вы, пакінула глыбокі след у вашых сэрцах і глыбокія раны, але таксама гэта і сведчанне таго, што чалавек можа перажыць і перайсці ў будучыню, - сказаў на пачатку сустрэчы кс. Віталі Дабраловіч.

Старшыня “Карытас” падзякаваў прадстаўнікам Фонда ім. М. Кольбэ Георгу Таўбіцу з Германіі і с. Эве Тонацка, якія прыехалі ў Гродна на сустрэчу. Пасля святар запрасіў усіх на агульную малітву “Ойча наш”, бласлаўляючы пачастунак для запрошаных гасцей. Кс. Віталі дазволіў не ўставаць сталым людзям, бо многія ў такім шаноўным узросце і пасля перажытых цяжкасцей маюць праблемы са здароўем. Але адна сталая жанчына ўсё ж паднялася, каб памаліцца стоячы.

Пасля да прысутных звярнуўся Захар Захаравіч Тарасевіч, кіраўнік Гродзенскага абласнога Таварыства былых вязняў фашысцкіх канцлагераў:

- Нашыя сустрэчы па розных прычынах не так часта бываюць. Мы знаходзімся напярэдадні Каляд і Новага года. Хацеў бы вас павіншаваць, пажадаць вам здароўя, даўгалецця, дабрабыту. Вы павінны жыць доўга, бо кожны з вас -гістарычная кніга, вы прайшлі ўсе катаклізмы ХХ ст. Кажуць, калі адыходзіць такі чалавек, разам з ім згарае бібліятэка. Жадаю адсвяткаваць вам гэтыя святы і дачакацца свята 70-годдзя вызвалення вязняў, нашай перамогі ў Вялікай Айчыннай, якую будзем адзначаць у 2015 годзе. Каб мы маглі сабрацца і выпіць па келіху шампанскага.

У Гродна прыехала таксама с. Эва, старшыня праўлення Лодзінскага таварыства дапамогі былым палітычным вязням гітлераўскіх канцлагераў, турмаў і гетта, якая ўжо прыязджала на сустрэчу з былымі вязнямі канцлагераў Гродзеншчыны. Некаторых гасцей сястра ўжо ведала. Так, напрыклад, адна з прысутных жанчын прывезла сястры Эве кветкі, чым нямала ўзрушыла сястру.

- Сардэчна дзякую спадарству, што прынялі запрашэнне, скіраванае да вас Фондам М. Кольбэ. Як вы самі ведаеце, Фонд шмат гадоў апекуецца ўсімі былымі вязнямі кантрацыйных лагераў, гетта і гітлераўскіх лагераў. 4 гады таму я мела шчасце быць тут у Гродне, некалькі людзей памятаю і згадваю вашыя твары, і цешуся, што сустрэлася з вамі сёння. Ад імя Таварыства хачу вас запэўніць: фонд Кольбэ памятае аб усіх вязнях лагераў, гетта і турмаў.

Сястра Эва адзначыла, што мэтай Фонда ёсць несці дапамогу незалежна ад таго, ці хтосьці з’яўляецца веруючым, якія яго перакананні.

- Тут важны кожны чалавек, які пацярпеў ад фашыстаў, - дадала сястра.

Яна пажадала ўдзельнікам сустрэчы здароўя, Божага бласлаўлення, супакою ў сэрцы, радасці:

- Любіце сваю старасць, бо шмат перажылі і можаце дзяліцца гэтым перажытым з іншымі, з малодшымі. Вы сведкі, якія перажылі геену ІІ Сусветнай вайны. Таму радасці сэрца вам жадаю і ўсяго найлепшага ў наступным годзе.

Пасля афіцыйнай часткі гасцей запрасілі на святочны абед, а пасля ўручылі падрыхтаваныя прадуктовыя падарункі. Усяго падрыхтавана 95 падарункаў для былых вязняў фашыскіх лагераў і гетта з ўсёй Гродзенскай вобласці. На сустрэчы ў Гродна змаглі прысутнічаць 27 з іх, некаторыя былі ў суправаджэнні апекуноў.