Skip to main content

Першы том «Літургіі гадзінаў» на беларускай мове можна набыць у Гродне

Першы том «Літургіі гадзінаў», які ахоплівае перыяд Адвэнту і перыяд Нараджэння Пана, быў перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і ўхвалены (Nr.108/SE/06) Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Выданне ўжо можна набыць у дыяцэзіяльнай краме па вул. К. Маркса, 4. 

Студыйнае выданне дадзенай літургічнай кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы друку Ордэну Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі, паведамляе catholic.by.

Непасрэдная падрыхтоўка кнігі да друку была здзейснена ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў Ордэну з Секцыяй па перакладзе. Вымоўна, што гэтая літургічная кніга, якая з’яўляецца кнігай малітвы Касцёла, выдадзена ў Год веры, які павінен паспрыяць таму, каб сучасны чалавек глыбей пазнаў, цэлебраваў і перажываў сваю веру, а таксама выказваў яе праз малітву.

«Прыклад і наказ Пана і Апосталаў маліцца заўсёды і няспынна не павінны ўспрымацца проста як прадпісанне закону, бо гэта датычыць найглыбейшай сутнасці самога Касцёла, які ёсць супольнасцю, што павінна праяўляць свой супольны характар таксама праз малітву» (Агульныя уводзіны да Літургіі Гадзінаў, 9).