Skip to main content

Гродзенскія семінарысты чувалі ў Чэнстахове

Гродзенскія семінарысты ўдзельнічалі ў місіялагічнай сесіі і малітоўным чуванні Папскай місійнай уніі 1-2 снежня на Яснай Гары. Сёлета сустрэча адбывалася пад дэвізам “З радасцю абвяшчаем веру ўсяму свету”. Чуванне традыцыйна было арганізаванае ў суботу перад літургічным успамінам св. Францішка Ксаверыя, патрона каталіцкіх місій.

У малітве ўдзельнічалі члены Папскай місійнай уніі, Жывога Ружанца, святары, клерыкі, манаскія сёстры, асобы, звязаныя з місіямі.

Місіялагічная сесія распачалася св.Імшой у капліцы цудоўнага абраза Маці Божай Чэнстахоўскай пад кіраўніцтвам кс. б-па Гжэгожа Рыся, які казаў пра тое, што значыць па-хрысціянску чуваць.

- Той, хто чувае па-хрысціянску, гэта не той, хто задумваецца, што будзе заўтра, бо ніхто з нас не ведае, ці дажыве да заўтра. А чуваючы па-хрысціянску гэта той, хто моцна адчувальны на той момант, у які жывём, - падкрэсліў казнадзея.

Пасля св. Імшы, канферэнцыі адбыўся канцэрт афрыканскай тэатральна-музычнай групы “Furaha”.

Другая частка сустрэчы распачалася Яснагорскім зваротам у капліцы Цудоўнага абраза. Апоўначы была адпраўленая св. Імша, якую ўзначаліў кс. абп Зыгмунд Зімоўскі. У гаміліі кс. абп казаў, што місіянеры ідуць на канец зямлі, каб “злучыць зямлю з небам, каб злучыць неба з зямлёй”.

У праграме чування былі таксама ружанцовая малітва, якую праводзілі клерыкі з розных семінірый. Клерыкі Гродзенскай ВДС падрыхтавалі разважанні да балеснай часткі ружанца другой таямніцы ружанца.

Пасля малітвы адбылася прэзентацыя місіянераў з Цэнтра місійнай фармацыі ў Варшаве. Сведчаннем сваёй паслугі на місіях падзяліліся кс. Антоні Ліхонь, місіянер з Перу, і кс. Зянон Сала, місіянер з Камеруну.

А 4-й ранку кс. Багдан Міхальскі ўзначаліў малітву ютрані. Пасля яе ўсе ўдзельнікі атрымалі бласлаўленне на заканчэнне чування.

Паводле матэрыяла старонкі Гродзенскай ВДС

здымак з http://salvatti.pl