Skip to main content

Сёння семінарысты складуць дэкларацыі перад пасвячэннямі

Сёння ў кандыдатаў да святарства і дыяканату завершацца 5-дзённыя рэкалекцыі, якія праходзяць у мястэчку Сапоцкіна непадалёк ад Гродна. Увечары будучыя святар і дыяканы складуць на рукі ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі ў пісьмовай форме дэкларацыі, дзе яны абяцаюць жыць у цэлібаце і захоўваць паслухмянасць свайму архіпастыру.

Падчас ўрачыстых нешпараў у гонар Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, якія адбудуцца ў 18.10 у прысутнасці ўсёй семінарыйнай супольнасці на чале з кс. прэлатам Юзэфам Станеўскім, рэктарам Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, будучыя святары складуць вызнанне веры. Таксама кандыдаты да дыяканату атрымаюць брэвіярый, які з моманту пасвячэння станецца для іх галоўнай штодзённай малітвай Касцёла.

Складанне дэкларацый перад пасвячэннямі з’яўляецца абавязковым дзеяннем, якое сведчыць аб цвёрдым і абдуманым намеры захоўваць усе абавязкі, якія вынікаюць з сакраманту святарства.