Skip to main content

“Школа аніматараў” адбылася ў Смаргоні

У сучасным свеце мы часта можам пачуць такое слова, як “аніматар”. Але хто гэта такі? Аніматар – ад лац. “аnimas” –душа і “матор” – запальваць – той, які ажыўляе душу. Гульні на пляжы, вясёлыя мерапрыемствы ў навучальных установах і святкаванне гарадскіх свят не можа абысціся без такіх “матораў”. У каталіцкіх цэнтрах моладзі Смаргоні, Мінска і Масквы працуюць салезіянскія аніматары ў харызме Святога Яна Боска.

Галоўнай мэтай гэтага служэння з’яўляецца тое, каб прывесці моладзь да Бога праз асабісты прыклад, пастаянную прысутнасць сярод моладзі, евангелізацыю і праз сапраўдную хрысціянскую радасць. Для таго, каб яшчэ больш удасканаліць працу на карысць моладзі, 24 – 25 лістапада ў каталіцкім цэнтры моладзі імя Святога Яна Боска ў Смаргоні адбылася “Школа аніматараў”, дэвізам якой сталі словы Святога Яна Боска: “Няхай вернуцца дні любові і даверу”. У сустрэчы, арганізаванай кс. Іванам Огарам SDB, кс. Паўлам Шчарбіцкім SDB, кс. Аляксандрам Яшэўскім SDB і с. Ірынай Барцэвіч FMA, прынялі удзел больш за 35 чалавек.

На пачатку “Школы аніматараў” быў прадстаўлены “Ліст з Рыму” Святога Яна Боска, які з’яўляецца ідэалам педагагічнага і духоўнага выхавання моладзі ў салезіянскай харызме. Галоўную думку гэтага паслання можна выказаць так : “Калі няма блізкасці, немагчыма праявіць любоў, а калі яе нельга праявіць, то не можа быць і даверу”. Гэтым святы заклікае аніматараў быць разам з моладдзю і “палюбіць тое, што любяць яны, каб потым моладзь палюбіла тое, што любяць аніматары”.

Працягнула сустрэчу канферэнцыя пра педагогіку слугі Божай Маргарыты Ак’ена, маці Святога Яна Боска. Маці Маргарыта выхоўвала сына праз інтэнсіўную працу, любоў да Марыі, матывацыю да вучобы і вывучэння культуры, дух салідарнасці і інш. Яна заўсёды казала сваім дзецям: “Бог вас заўсёды бачыць. Памятайце аб гэтым”. Гэта Ян Боска, стаўшы пастырам беднай моладзі, і пераняў ад яе. Менавіта такое выхаванне нараджае “сумленных грамадзян і добрых хрысціян”.

На канец сустрэчы аніматарам была дадзена магчымасць паглыбіць свае кампетэнцыі ў адносінах з моладдзю праз вывучэнне асаблівасцяў развіцця группы. Вельмі важна ведаць працэсы, якія адбываюцца ў групе дзяцей і падлеткаў, каб быць падрыхтаванымі да сустрэчы новай моладзі ў араторыі, да правядзення лагера, вечароў. і галоўнае, навучыцца заўважаць і мудра ўплываць на гэтыя працэсы.

За гэтыя два дні аніматары з розных мясцін маглі таксама адпачыць, наведаўшы творчую майстэрню і гуляючы ў новыя гульні, падзяліцца вопытам і стаць бліжэй да Святога Яна Боска, каб праз яго папераджальную сістэму і салезіянскую харызму весці моладзь да Бога.

Удзельнікі сустрэчы Аляксандр Манчак, Вераніка Ермак