Грамадскае аб'яднанне "Гродзенскі дзіцячы хоспіс" запрашае на святочны канцэрт з нагоды Міжнароднага дня людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мерапрыемства адбудзецца 2 снежня ў нядзелю ў 15.00 у Музеі гісторыі рэлігіі.
Гледачы паслухаюць музыку ды пабачаць танцы дзяцей. Арганізатары абяцаюць прыемны настрой і сюрпрызы, падарункі і усмешкі.
Усе ахвотныя змогуць падарыць цацкі дзецям з інваліднасцю, а дзеці прыемна ўразяць кожнага, хто прыйдзе на выставу-продаж калядных вырабаў. Можна будзе набыць і ўзяць сабой цацкі ці гульні, якія пасля можна падарыць хворым дзеткам.
- Такую імпрэзу мы ўжо ладзім трэці год. І штогод прыходзяць неабыякавыя людзі з нейкімі падаруначкамі для нашых дзетак, - кажа Вольга Шульга, кіраўнік аб'яднання.
На канцэрце выступяць дзеці і супрацоўнікі музычнай школы №1 Гродна і падапечныя "Гродзенскага дзіцячага хоспіса".
Шчыра запрашаем вернікаў на дабрачынную імпрэзу!