Skip to main content

У Смаргоні адбыўся музычны фестываль "Цэцыліяда" (дададзены фотаздымкі)

У суботу 17 лістапада адбыўся музычны фестываль "Цэцыліяда" па дэвізам "Не бойся, толькі вер". У фестывалі прынялі ўдзел каля 60 чалавек, дзяцей і студэнтаў са Смаргоні і Мінска. На музычным мерапрыемстве традыцыйна выступілі вучні з дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага, якія прадставілі прыгажосць класічнай музыкі, граючы на скрыпцы, цымбалах, віяланчэлі, фартэпіяна і баяне.

У сучасным свеце нават цяжка ўявіць чалавека, які не любіць слухаць музыку. Дома, на працы, у дарозе яна суправаджае кожнага. Шмат людзей можна сустрэць з навушнікамі ў вушах. Але што мы слухаем? Як хрысціяне, мы павінны памятаць, што ўсё, што мы робім, мы павінны старацца пераўтвараць у малітву. Вось да гэтага нас прызывае св. Цэцылія – апякунка музыкантаў і касцёльнай музыкі. Менавіта з гэтай нагоды ўжо другі раз у моладзевым Цэнтры імя св. Яна Боска ў Смаргоні адбыўся музычны фестываль “ЦЭЦЫЛІЯДА”.

Прыгожыя дэкарацыі, маленькія праграмкі канцэрта, вядучыя і, канешне, дух Божай любові настройвалі гледачоў на глыбокія ўнутраныя перажыванні веры. Увесь вечар быў прасякнуты ідэяй аб тым, што кожны чалавек з’яўляецца будаўніком і апекуном Святыні, што ўсё жыццё – гэта дарога да Бога і кожны ідзе сваім шляхам, кладзе сваю цэглінку ў велічнае будауніцтва. Вядучыя запрасілі ўдзельнікаў працягнуць гэтае будаўніцтва праз свае выступленні, выкладваючы, цэглінку за цэглінкай, Святыню, якою і з’яўляемся ўсе мы.

Фестываль адкрыў незвычайны і крэатыўны нумар ў стылі рэп двух хлапцоў з Салезіянскага моладзевага цэнтру, якія расказалі аб жыцці Святога Яна Боска і ўтварэнні араторыя ў Смаргоні. Так званы “нефармат” гладка ўпісаўся ў фармат Цэцыліяды. Нават такой музыкай можна праслаўляць Бога, калі словы гучаць з глыбіні сэрца. Вельмі лірычнымі і цёплымі былі спевы салістаў, які дапамагалі нам радавацца мноствам цудоўных маладых талентаў: дзіўна, наколькі шматгранны чалавек, і колькі ў ім выдатных творчых і прыгожых ідэй. Сваёй любоўю і шчаслівымі ўсмешкамі падзяліліся з іншымі дзяўчатамі з Салезіянскага моладзевага цэнтра Св. Яна Боска, праслаўляючы сваім спевам веліч Пана: «Хвалю Цябе, Вялікі Бог!” . Як маленькія анёлы, якія сышлі з неба на фестываль, выступаў дзіцячы хор парафіі, праслаўляючы Бога “кожны дзень і кожны час…”. Традыцыйным становіцца ўдзел вучняў дзіцячай школы мастацтваў імя М. К. Агінскага, якія прадставілі прыгажосць класічнай музыкі, граючы на скрыпцы, цымбалах, віяланчэлі, фартэпіяна, баяне… На Цэцыліяду-2012 таксама завіталі госці з Мінска: ансамбль скрыпачоў “Вясёлыя ноты” і ансамбль “Капрыз”, каб далучыцца да агульнага будаўніцтва духоўнай Святыні.

Нумар за нумарам, цаглінка за цаглінкай, будуем Храм духоўны і мастацкі. Любоў – вяршыня, да якой імкнецца кожная душа, якая жыве на Зямлі. А музыка нам дапамагае падымацца ўсё вышэй і вышэй, пераадольваючы цяжкасці штодзённага жыцця.

Можа, менавіта гэты фестываль Цэцыліяда 2012 “Не бойся, толькі вер”, а можа нейкая канкрэтная песня ці музычны нумар стануць для кагосьці штуршком да пераўтварэння свайго жыцця ў сапраўдную чыстую мелодыю, у якой не будзе “фальшывых нот”.

Вераніка Ермак