Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень пяты

5drnrim 3

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пілігрымуе на святкаванне Юбілею моладзі, якое адбываецца ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень пяты, 29 ліпеня 2025 г.

Сёння мы ўставалі ў чатыры раніцы, каб паехаць сустракаць світанак. Абуджэнне было вельмі раптоўным: нехта штурхануў мяне і ўклаў у руку тэлефон, на якім грала мелодыя будзільніка. Гляджу, а тэлефон не мой. Але час 4.02, значыць, трэба ўставаць! Будзільнік адключыла не з першага разу, але нарэшце мне гэта ўдалося.

***

Збіраліся максімальна ціха, каб не разбудзіць астатніх. Усё было падрыхтавана з вечару. Але ў апошні момант – як здорава, што гэтая думка наогул прыйшла мне ў галаву! – я ўспомніла пра пропуск. У шоперы яго не аказалася, і я з жахам зразумела, што сярод нашых, якія спяць, яго знайсці немагчыма. На шчасце, сяброўка заўважыла яго хутка. Пашанцавала…

***
Вось і метро. Але яно… зачынена! Аказваецца, інфармацыя пра тое, што метро будзе працаваць з 4.30, ці няправільная, ці датычыць не ўсіх станцый… Вырашылі бегчы на аўтобус, але хутка выдыхліся. Памятаючы, што італьянцы нікуды не спяшаюцца і аўтобусы часта спазняюцца, мы верылі, што паспяваем… І аўтобус адышоў у нас з-пад носа.

Але надзея ў нас не згасла – мы ірванулі да наступнага прыпынку. І зноў аўтобус ад’ехаў на нашых вачах!

Справа была блізкая да адчаю, і тут прыйшоў паратунак. Аказалася, што ў Рыме ў пяць раніцы адзіная пасажырка ў пустым аўтобусе, які прыехаў, размаўляе па-руску!!! Яна дапамагла нам зарыентавацца, куды ідзе гэты аўтобус і на якім прыпынку нам выходзіць.

5drnrim 1

***

Да цэнтра мы ўсё ж такі дабраліся. Людзей мала, але – што дзіўна – яны ёсць. А значыць, не толькі мы аддалі камфортнай тэмпературы на вуліцы перавагу над сном.

Падымаемся на Іспанскую лесвіцу, кідаем манетку ў фантан Трэві, бачым Пантэон і зноў рушым да Калізея – і ўсё гэта за адну раніцу! Нам, як сапраўдным дзяўчынкам, хочацца зрабіць фота на памяць, але нашы хлопцы гэтую задуму не падтрымліваюць. Мы прапаноўваем ім забіць час, катаючыся на самакатах, але ў выніку яны з часткай нашай групкі з’язджаюць на гэтых самакатах на месца начлегу. Крыху крыўдна і дастаткова непрыемна, але ж Хрыстус вучыць любіць нават калі гэта даецца нялёгка…

***

Нам трэба паспець да Імшы на 8.30. Аказалася, што гэта не так ужо і складана. Набажэнства было на італьянскай, таму разумелі мы не ўсё, але сутнасць улавілі. Потым падцягнуліся на Ютрань астатнія нашы. Пасля супольнай малітвы мы зноў пайшлі ў горад…

***

Зараз часу ў нас даволі і спяшацца няма куды, таму мы нетаропка абыходзім аглядную пляцоўку недалёка ад Іспанскай лесвіцы, любуемся цудоўным відам на Рым, а потым крыху адпачываем у цянёчку. Гэтая перадышка неабходная, бо робіцца ўсё гарачэй.

***

Сёння адна з нашых мэтаў – закупіцца сувенірамі дадому. Гэта нам удалося бліскуча ці нават больш чым бліскуча. Аказалася, што існуюць палаткі, у якіх усялякую драбніцу можна набыць за адзін еўра! А гэта вельмі прыемная цана.

***

Цяпер рушым у базыліку Марыя Маджорэ, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Снежнай. Перад наведваннем ідзём падмацавацца марожаным, выкарыстоўваючы купоны. Але і тут нас чакае сюрпрыз: прадавец, кіўнуўшы галавой у знак, што яны прымаюць ваўчары пілігрымаў, паведаміў, калі ўжо наклаў усім нам па порцыі, што плаціць давядзецца наяўнымі. Ну што ж, і такое бывае…

***

Базыліка Марыя Маджорэ ўразіла сваёй веліччу і крыху нагадала Екацярынінскі палац у Царскім Сяле. Усё гэта выглядае вельмі паважна і маштабна. На шчасце, людзей было не надта шмат, і мы скарысталіся магчымасцю палюбавацца гэтай святыняй не спяшаючыся.

***

А зараз на сустрэчу з Папам! У Ватыкан мы рушылі за тры гадзіны да набажэнства, каб паспець трапіць на плошчу святога Пятра. Людзей было страшэнна шмат, і прайсці атрымалася далёка не ва ўсіх. Але тыя, хто быў верны да канца і выстаяў чаргу пад пякучым сонцам, маглі ўбачыць Папу Льва, які праязджаў каля іх на папамабілі зусім блізка! А Эўхарыстыю цэлебраваў кардынал.

5drnrim 2

***

Назад мы дабіраемся надзвычай доўга. Перапоўнены вуліцы, перапоўнена метро. Моладзь спявае песні і дзеліцца эмоцыямі, уражаннямі, радасцю ад сустрэчы з Папам і магчымасці быць тут.

Але мы страшэнна стаміліся. Дарога дадому займае каля дзвюх гадзін, і мы, знясіленыя, валімся на свае спальныя мяшкі, каб хоць крыху адпачыць перад чарговым цудоўным днём нашых рымскіх канікул.

Вікторыя Сідар