Skip to main content

Дзённік удзельніка пілігрымкі на Юбілей моладзі ў Рыме. Дзень шосты

6denrim 2

Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі на святкаванні Юбілею моладзі, якое праходзіць у Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня.

Дзень шосты, 30 ліпеня 2025 г.

Сёння раніцай мы ідзём на старыя могілкі недалёка ад нашага начлегу. На жаль, часу атрымалася ў абрэз, таму мы можам пагуляць там усяго каля паўгадзіны… І гэтага вельмі мала. Асабіста ў мяне адчуванні хутчэй трывожна-гнятучыя. Вельмі шмат смутку ў помніках, якія прадстаўляюць то маці з дзіцём, якога больш няма ў жывых, то маладога мужчыну, які бяжыць па хвалях, то няўцешных бацькоў, якія аплакваюць страту немаўляці, што сядзіць на руках у анёла…

***

Вярнуўшыся, даведваемся, што на Імшы сёння з намі будуць і семінарысты. Пасля Эўхарыстыі кожны рабіў па сваім жаданні: нехта пайшоў гуляць па Рыме, нехта – загараць на моры. Мы выбралі другі варыянт, але перад гэтым едзем у цэнтр на абед (якога ў выніку хапіла і на вячэру), спрабуем (неверагодна для Італіі!!!) нясмачную каву – дарэчы, афіцыянт, які нас абслугоўвае, размаўляе на рускай, што вельмі спрасціла нам жыццё; рушым у Ватыкан у пошуках абраза для падарунка, але патрэбнага так і не знаходзім, а па дарозе на мора вырашаем яшчэ – раз ужо па дарозе – зайсці ў базыліку св. Паўла.

6denrim 1

***

Я ў захапленні ад каланады, а крыху пазней жахаюся натоўпу, які стварае ўражанне, што мы хутчэй на кірмашы, чым у святым месцы… І гэта сумна…

***

Шлях на мора цяжкі, я б нават сказала – задушліва-цяжкі, бо ў цягніку не працуе кандыцыянер. Але ў рэшце рэшт мы ўсё ж такі выходзім на свежае паветра і вырашаем, што заслужылі гэтым катаваннем марожанае.

***

У трэцяй па ліку крамцы мы нарэшце знаходзім магчымасць ажыццявіць нашу маленькую мару. І якое ж наша здзіўленне, калі аказваецца, што марожанае ўкраінскае! І прадавец, мяркуючы па ўсім, таксама ўкраінка. Вельмі мілая дзяўчына, дапамагае нам разабрацца і з цаной, і са смакам.

***

Набліжаючыся да мора, мы ўсведамляем, што частка пляжаў там платная. Але ёсць і бясплатныя. Мы прымасціліся на мяжы двух пляжаў, і ніхто нас не прагнаў.
Прыбылі мы да мора вечарам, таму цянёк быў неабавязковы. Мы мочым ножкі, нехта купаецца. І самае галоўнае – мы праводзім захад сонца. А гэта заўсёды зачароўвае...

Наогул, на мора, здаецца, можна глядзець бясконца.

***

Вярнуўшыся на начлег, мы бачым, што на мора сёння пабывалі многія – гэта зразумела по колеры іх скуры… Вельмі ружовы... Але нічога, калісьці боль пройдзе, а загар застанецца!

А яшчэ нашы распавялі, што міласэрныя італьянцы, убачыўшы іх падчас самага санцапёку на пляжы без экіпіроўкі, падзяліліся сваімі парасонамі, каб тыя не згарэлі канчаткова…

6denrim 3

***

Чакаем 24.00, таму што наступны дзень – гэта дзень нараджэння адной з удзельніц нашай пілігрымкі. І свята ў яе асаблівае – васямнаццацігоддзе! А гэта ўжо сур’ёзна!

Калі патрэбны час наступіў, спяваем па-італьянску “З днём нараджэння цябе”, моцна адбымаем і дорым невялікі падаруначак.

Цяпер хочацца як найхутчэй легчы спаць, бо заўтра нас зноў чакаюць чарговыя галавакружныя планы…

Але аб гэтым ужо заўтра.

Вікторыя Сідар