У суботу 17 лістапада а 12 гадзіне ў Смаргоні адбылося ўрачыстае асвячэнне пляцоўкі пад будаўніцтва новага касцёла біскупам Аляксандрам Кашкевічам. У гэтым важным для лакальнай супольнасці моманце, прынялі ўдзел душпастыры са Смаргонскага дэканату на чале з кс. дзеканам Здзіславам Вэдэрам, святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і кс. др Раман Катлімоўскі з Гродна. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўладаў на чале з кіраўніком Смаргонскага райвыканкама, спадаром Мечыславам Гоем.
Пасля прывітання прысутных, кс. біскуп асвяціў крыж, пасля чаго вернікі новаутворанай парафіі, прынялі ўдзел у святой Імшы і асвячэнні зямельнага надзелу.
Паводле словаў кс. Дзмітрыя Урбановіча, пробашча парафіі, будаўніцтва святыні з’яўляецца праяўленнем глыбокай веры жыхароў Смаргоні і імкненнем людзей аддаваць хвалу Богу ў належным месцы, а таксама выразам глыбокай удзячнасці за пантыфікат бл. Яна Паўла ІІ. Душпастыр новай парафіі заклікаў таксама усіх людзей добрай волі, а асабліва жыхароў г. Смаргонь, каб добрыя справы на хвалу Богу і духоўную карысць чалавека ажыццяўлялі супольна, у духу братэрства і ўзаемнай любові.
Яго Эксцэленцыя, ардынарый гродзенскі падчас прамовы на польскай і беларускай мове сказаў пра велічнасць гэтага гістарычнага моманту для Смаргоншчыны, заахвоціў усіх вернікаў будаваць святыню ў гонар бл. Яна Паўла ІІ разам, а таксама выразіў вялікую радасць з таго, што Касцёл у гэтай частцы нашай дыяцэзіі развіваецца і прыносіць добры плён.
Падчас святой Імшы, кс. др Раман Катлімоўскі ў сваім казанні абапіраючыся на фрагмент са Святога Пісання Старога Запавету аб пакліканні Майсея (Зых 3, 1-15) сказаў пра любоў Бога да чалавека і Яго блізкасці да кожнага з нас. Прапаведнік зазначыў, што найпрыгажэйшай, найбольш велічнай святыняй для Бога з’яўляецца не матэрыяльны будынак, а сэрца чалавека, якое імкнецца прабываць з Ім у адзінстве. Святар таксама нагадваючы ўсім прысутным пра Год Веры, заахвоціў мясцовых вернікаў даверыцца Божай Міласэрнасці негледзячы на шматлікія цяжкасці, якія могуць быць перашкодай у часе будаўніцтва Божага храма.
Будынак святыні будзе паўставаць на ахвяраванні фізічных і юрыдычных асобаў. Мясцоваму святару ў справах будаўніцтва дапамагае каля двадцаці чалавек, актыўных вернікаў (5 чалавек належыць да касцёльнага камітэту) на чале з Таццянай Яблакавай. У дадзены момант ідуць падрыхтоўчыя працы пад будаўніцтва часовай парафіяльнай капліцы. Паводле плана ў 2013 годзе павінна распачацца закладка фундаменту касцёла.
Цяпер, на тэрыторыі парафіі ажыццяўляецца дынамічнае наладжванне душпастырства: на пастаяннай аснове сёстрамі назарэтанкамі вядзецца катэхізацыя каля 270 дзяцей з мікрараёнаў Карані і Досы. Кожную нядзелю цэлебруецца парафіяльная св. Імша ў касцёле св. Міхаіла Архангела. Кс. Дзмітрый Урбановіч плануе таксама арганізаваць катэхізацыю дарослых і душпастырства маладых сем’яў.
Фотаздымкі будуць дададзены пазней