Skip to main content

У Шчучыне моладзь разважала на тэму веры

Канікулы - гэта самы шчаслівы, час асабліва для моладзі. Гэта шанс адпачыць, зрабіць перапынак, задумацца над больш важнымі справамі ў сваім жыцці. Таму з 5 па 7 лістапада ў парафіі г. Шчучын адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў а. Гжэгаж Ксёнжэк SP – які працуе ў душпастырстве ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Праграма моладзевых сустрэч была даволі разнастайнай і насычанай. У першы дзень, вечарам 5 лістапада адбылася сустрэча, на якой моладзь удзельнічала ў адукацыйна-інтэграцыйнай (пантаміма) гульні, якая мела на мэце паказаць вартасць малітвы і звароту да Бога ў складаных жыццёвых сітуацыях. Дзень завяршыўся рознымі забаўляльнымі гульнямі, якія паднялі настрой маладых людзей.

Наступны дзень пачаўся з разважанняў на тэму веры: моладзь чытала фрагменты з Святога Пісання звязаныя з верай, а затым на іх падставе ладзіла інсцэнізацыю, якая параўновала сучаснае жыццё з тым, да чаго заклікае Езус. Пасля супольнай адарацыі некаторыя з удзельнікаў падзяліліся сведчаннем сваёй веры. Другі дзень рэкалекцый завершыўся гульнямі, якія прынеслі вясёлы, бадзёры настрой.

Трэці дзень меў на мэце запаліць маладзёнаў да абвяшчэння Добрай Весткі аб Хрысце. Прысутныя атрымалі заданне намаляваць плакат, праспяваць песню, станцаваць або прыдумаць нешта іншае каб такім чынам паказаць прыгажосць веры і заахвоціць аднагодкаў да актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла. Апошні дзень рэкалекцыйнага спаткання стаў часам задумы над тым, што з’яўляецца самым галоўным у жыцці кожнага чалавека.

Анастасія Ясюкевіч

Фотарэпартаж будзе дададзены пазней