Skip to main content

Адзін на адзін з Богам. Рэкалекцыі аб пакліканнях у Смаргоні

10-11 лістапада ў Смаргоні адбыліся рэкалекцыі аб пакліканні. Больш як пяцьдзесят хлопцаў і дзяўчат з Салезіянскіх дамоў Беларусі прыехалі, каб застанавіцца і пераканацца ў тым, што без асабістай сустрэчы з Хрыстом, мы не зможам пазнаць волю Бога адносна нашага жыцця, не зможам зразумець, да чаго нас кліча Збаўца.

Пакліканне чалавека вынікае з Божай ласкі. Менавіта ласка ажыўляе, падтрымлівае і ўмацоўвае адказ кожнага на пакліканне. Аднак патрэбна такасама і асабістае намаганне, пот, праца і ахвяра. Пан Езус кіруе сваіх вучняў абвяшчаць Добрую Навіну, гаворачы: “Не бярыце у дарогу з сабою ні торбы, ні хлеба, ні медзі і нават двух вопраткаў.” Абвяшчэнне павінна быць без зацікаўлення. Дарма атрымалі, дарма павінны даваць. Плён святарскага і законнага жыцця, а таксама уся іх місія не залежыць ані ад грошаў і багацця, толькі ад ласкі веры і паслухмяннасці Волі Божай…

10-11 лістапада ў Смаргоні адбыліся рэкалекцыі аб пакліканні. Распачалася гэта сустрэча малітвай перад Найсвяцейшым Сакрамантам: “Сёння да вас, юнакі і дзяўчаты, Хрыстос звяртаецца з заклікам: “Ідзі за мною” – Ідзі, бо так многа людзей чакае Евангелля, бо так многа людзей ходзіць у цемры, якім патрэбна духоўная дапамога…

Напэўна, ніхто і ніколі не зразумее ў паўнаце таямніцу паклікання чалавека на Божую службу.

Чаму Бог кліча менавіта гэтага чалавека, а не іншага?

Як сумець пачуць Божы заклік?

Як не пабаяцца адказаць на яго сваёй згодай? Вялікая таямніца!?”

Аб усім гэтым моладзь магла паразважаць пад час адарацыі ці размаўляючы паміж сабою. Больш як пяцьдзесят хлопцаў і дзяўчат з Салезіянскіх дамоў Беларусі прыехалі, каб засяродзіцца і пераканацца ў тым, што без асабістай сустрэчы з Хрыстом, мы не зможам пазнаць волю Бога адносна нашага жыцця, не зможам зразумець, да чаго нас кліча Збаўца.

Падчас рэкалекцый былі як сумесныя моманты, так і асобныя для хлопцаў і дзяўчат. Хлопцы разам з ксяндзамі-салезіянамі (кс. Іванам і кс. Паўлам, SDB) разважалі над тым, што сапраўдны хлопец/мужчына павінен быць адказным і, галоўнае, не баяцца праяўляць ініцыятыву, беручы на сябе адказнасць у розных справах. А дзяўчаты з сёстрамі-салезіянкамі (с. Ірынай і с. Тэрэсай) разважалі над 9 асноўнымі цнотамі сапраўднай жанчыны, пра якія сучасны свет сёння ўжо не памятае: далікатнасць, цярплівасць, скромнасць, вернасць, удзячнасць, служэнне…

На завяршэнне рэкалекцый кс. Іван падкрэсліў тое, што ў дасягненні мэты важна мець паслядоўнасць і сістэматычнасць, таму гэта не апошняя сустрэча такога плану. І калі хтосці з маладых людзей не абыякава адносіцца да свайго паклікання, то запрашаем на такія рэкалекцыі, якія адбудуцца ў лютым 2013 года.

Ганна Семак

Фотарэпартаж будзе дададзены пазней