Skip to main content

Сёння згадваем святога мучаніка Язафата Кунцэвіча

Сёння ва ўспамін св. Язафата Кунцэвіча ў гродзенскай катэдры адбылася св. Імша, якую канцэлебравалі душпастар гродзенскіх грэка-каталікоў а. Андрэй Крот, пробашч катэдры кс. Ян Кучынскі і кс. Чэслаў Паўлюкевіч.

- У катэдры ёсць такая традыцыя: ва ўспамін святога, алтар якога ёсць у Фарным касцёле, адпраўляюць літургію пры гэтым алтары. Гэтак сёння зранку св. Імша ва ўспамін св. Язафата цэлебравалася ў Фарным касцёле пры ягоным алтары, - распавёў а. Андрэй Крот.

У Слове Божым грэка-каталіцкі святар казаў пра патрэбу еднасці ў Касцёле, а таксама распавёў пра асобу і служэнне св. Язафата Кунцэвіча.

Св. Імшу ва ўспамін гэтага святога а. Андрэй будзе таксама канцэлебраваць з кс. Мікалаем Ціхановічам у парафіі Найсвяцейшага сэрца Пана Езуса і св. Язафата ў Заневічах.

Св. Язафат Кунцэвіч з’яўляўся грэка-каталіцкім біскупам, які быў замучаны ў Віцебску ў 1623 годзе. У 1643 годзе Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч быў залічаны Папам Урбанам VIII да спісу святых у ВКЛ і Украіне, а ў чэрвені 1867 года папа Пій IX абвясціў яго святым для ўсяго каталіцкага Касцёла.

Мошчы беларускага святамучаніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы св. Пятра ў Рыме, каля алтара св. Васілія Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма. Папа Рымскі Ян Павал II назваў святамучаніка Язафата Кунцэвіча “Апосталам еднасьці”.

Таксама св. Язафат шануецца і на Гродзеншчыне. Ёсць парафіі, дзе асабліва шануецца гэта святы: у Сапоцкіне парафія мае ягонае імя – парафія Унебаўзяцця НПМ і св. Язафата Кунцэвіча, а таксама ў Заневічах – парафія Найсвяцейшага сэрца Пана Езуса і св. Ясафата.

Здымак з http://lekary.iatp.by