Skip to main content

Кніжныя скарбы айцоў францішканаў упершыню з’явіліся на выставе

Выстава разгорнутая ў межах цыкла “Дакрануцца да гісторыі” ў аддзеле мастацтва абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага. Бібліятэка ордэна айцоў францішканаў – былая манастырская бібліятэка, якая існавала з даўніх часоў пры францішканскім кляштары аж да Другой сусветнай вайны. На пачатку ХХ ст. яе фонд налічваў некалькі тысяч кніг з матэрыяламі XVII-XVIII стст. Падчас вайны найбольш каштоўныя выданні былі схаваны манахамі і знойдзены толькі ў пачатку ХХІ ст.

Выставу адкрыў Яго Магніфіцэнцыя, рэктар Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне, ксёндз-пралат Юзаф Станеўскі. Аб калекцыі дакументаў расказаў ксёндз-пробашч францішканскага касцёла Юзаф Макарчык, а супрацоўнікі аддзела мастацтва абласной бібліятэкі выступілі з электроннай прэзентацыяй-аглядам кніг.

– У 2000-м годзе ў якасці пробашча я асабіста даследаваў паддаша і скляпенні касцёла. Знайшоў вялікую бібліятэку і дзень перабіраў у ёй кнігі, - згадаў падчас адкрыцця кс. Юзаф Макарчык.

На выставе экспануюцца рукапісныя дакументы і кнігі: “Зборнік прывілеяў і дакументаў XVI-XVIІ стст.”, у якім самы старэйшы выяўлены дакумент датуецца 1561 г.; рукапісныя кнігі рэлігійнага зместу канца XVIІ – пачатку XVIІІ стст.

Друкаваныя кнігі прадстаўлены ў асноўным літаратурай рэлігійнага зместу, выдадзенай у XVIIІ ст. еўрапейскімі друкарнямі, друкарнямі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Сярод іх – вершаваны пераклад Святога Пісання Старога і Новага Запаветаў, складзены Марцінам Кужанецкім і выдадзены ў Нясвіжы ў 1769 г., венецыянскія выданні Біблій, Біблійных слоўнікаў, Імшалаў. Самай распаўсюджанай рэлігійнай літаратурай у XVIIІ ст. былі Казанні, якія пісаліся з нагоды святаў каталіцкага календара для прадстаўнікоў магнацкіх сем’яў. На выставе прадстаўлены Казанні Нясвіжскай, Супрасльскай, Віленскай друкарняў, а таксама шматлікіх польскіх.

Як адзначае “Гродзенская праўда”, усе экзмепляры захаваліся ў добрым стане за рэдкім выключэннем. Напрыклад, у Францішканскім Імшале давялося замяніць скураны пераплёт. Новы не саступае папярэдняму ў прыгажосці аздаблення.

Кніжная выстава дапоўнена гравюрамі і фотаздымкамі на рэлігійную тэму, а таксама прадметамі рэлігійнага культу з прыватнай калекцыі А.В. Сявенкі.

Выстава будзе працаваць да 1 снежня 2012 г.

Паводле http://www.grodnolib.by