Skip to main content

Больш за 30 дзяўчат прынялі ўдзел у рэкалекцыях у Навагрудку

Рэкалекцыі для дзяўчат пад дэвізам “Веру ў Бога Айца” адбыліся ў Навагрудку ў кляштары сясцёр назарэтанак 3-6 лістапада. Духоўную сустрэчу праводзіў кс. Уладзіслаў Сурвіла. На рэкалекцыі прыехала моладзь з Ліды, Смаргоні, Гродна, Навагрудка.

На працягу гэтых дзён маладыя сэрцы пазнавалі Божую любоў. Таксама была магчымасць скарыстацца з сакраманту паяднання. На канферэнцыях кс. Уладзіслаў звярнуў увагу на тое, „як у кожным моманце нашага жыцця Бог клапоціцца аб нас, Ён ніколі не прымушае нас, але з любоўю чакае нас”.

Падчас адарацыі моладзь праслаўляла Бога за Яго дабрыню. Кожны нават не заўважыў, як хутка праходзіў час у прысутнасці Езуса ў Эўхарыстыі.

У апошні дзень рэкалекцый напрыканцы св. Імшы кожны меў магчымасць даручыць сябе Богу, уласна падпісаўшыся пад словамі звароту да Ўсемагутнага Айца, каб кожны раз нагадваць сабе аб асабістым запавеце з Богам.

Завяршыліся рэкалекцыі сустрэчай, на якой кожны атрымаў урывак са Святога Пісання як дэвіз на кожны дзень. Дзяўчыны таксама маглі падзяліцца сваімі ўражаннямі.

Рэкалекцыі патрэбны для кожнага верніка ў яго духоўным жыцці, інакш немагчыма зразумець да канца, кім для кожнага чалавека асабіста з’яўляецца Бог і які сэнс уласнага жыцця.