Skip to main content

Парафіяне са Смаргоні распавядаюць аб місіях

“Езус Хрыстус учора і сёння Той самы на вякі” - менавіта гэтыя словы сталі галоўнымі на святых місіях, якія праводзілі айцы рэдэмптарысты з 20 па 28 каcтрычніка ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні. Дзевяць дзён разважанняў над уласным жыццём, дзевяць дзён духоўнага ўзрастання, дзевяць дзён сэрца кожнага парафіяніна паступова адкрывалася на Бога.

За гэты час адбыліся навукі місійныя асобна для дарослых, дзяцей і моладзі; жанчын і мужчын; місійная споведзь; Крыжовы шлях па вуліцам горада; адарацыя Крыжа; аднаўленне сужэнскіх абяцанняў.

Айцы рэдэмптарысты заклікалі парафіян даверыць сваё жыццё Богу і паверыць у Яго невычэрпную любоў і міласэрнасць. І ўсё гэта дзеля нашага Пана Езуса Хрыста, каб стаць бліжэй да Яго, адкрыць сваё сэрца і ахвяраваць Яму ўсё жыццё. Кожны дзень людзі імкнуліся ісці ў касцёл, каб прыняць актыўны удзел у місіях. Таксама добрай традыцыяй стаў апэль Марыйны, на якім панавала атмасфера сямейнага духу і даверу да Марыі.

Безумоўна, усё гэта спрыяла духоўнаму аднаўленню парафіі. Яскравымі прыкладамі гэтага з’яўляецца супольная малітва некаторых вучняў перад урокамі, хрысціянскае прывітанне паміж веруючымі пры сустрэчы на вуліцы і належная пашана да Місійнага крыжа (акрамя традыцыйнага паклону, многія падыходзяць, каб уцалаваць крыж).

Манчак Аляксандр, Ермак Вераніка