Skip to main content

Супольная малітва падзякі ў Заневічах

22 кастрычніка ў касцёле у Заневічах каля Гродна парафіяльная супольнасць разам з гасцямі дзякавала за беатыфікацыю Цэліны Бажэнцкай, якая адбылася 5 год таму, а таксама маліліся за як найхутчэйшае залічэнне гэтай блаславёнай асобы да ліку святых каталіцкага Касцёла. На святой Імшы былі прысутныя сёстры змёртвыхпаўстанкі.

Галоўным цэлебрансам і казнадзеем на святой Імшы быў Вальдэмар Слота, дзекан дэканату Бераставіца і пробашч парафіі ў Вялікай Бераставіцы. Кс. Антоні Грэмза, віцэканцлер Гродзенскай курыі, перадаў прывітанне ўсім прысутным ад кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, заахвочваючы прысутных да малітвы аб хуткай кананізацыі бл. Цэліны. Супольная малітва была завершаная на месцы былога фальварку Абрэмшчына.

Цэліна Бажэнцкая (у дзявоцтве Хлюдзінская) нарадзілася ў 1833 годзе ў Антовілі каля Оршы. З дзяцінства яна прагнула ўступіць у кляштар, аднак бацькі і спаведнік палічылі, што ёй трэба выйсці замуж. Больш чым 20 год яна наведвала парафіяльны касцёл у Заневічах, жывучы ў фальварку Абрэмшчына. Сваю радзіму пакінула ў 1875 годзе пасля смерці мужа Юзафа, выехаўшы ў Рым, каб рэалізаваць сваё манаскае пакліканне ў якасці заснавальніцы Кангрэгацыі Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста (Змёртвыхпаўстанкі).