Skip to main content

Кс. Дзяніс Шмыгін: сэрцы гэтых людзей вялікія

З нагоды юбілейных урачыстасцей у Міжэрычах сённяшні пробашч парафіі кс. Дзяніс Шмыгін распавядае пра рэлігійнае жыццё сваіх парафіян, дзеліцца сваім уласным досведам святара, а таксама ўзгадвае першыя хвіліны сваёй паслугі ў парафіі.

- Скажыце, калі ласка, з якога часу Вы з’яўляецеся тут пробашчам?

- Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч 22 снежня 2011 года ўручыў мне дэкрэт на пробашча да парафіі ў Міжэрычах. Значыць, ужо практычна год.

- Ці да моманту прызначэння ксёндз бываў у Міжэрычах?

- Да моманту скіравання ксяндзом біскупам ніколі тут не быў. Толькі на карце бачыў, што ёсць такая мясцовасць. Хоць я і паходжу практычна з гэтых тэрыторый, але тут ніколі не быў. Калі першы раз ехаў, то не ведаў, куды еду, што мяне чакае, але ўсе мае справы паверыў Пану Богу з той думкай, што ў кожным месцы, дзе ёсць веруючы чалавек, павінен быць святар, а кожны святар павінен выконваць сваю паслугу заўсёды з пакорай, там, дзе яго пасылае біскуп.

- Першы кантакт з парафіянамі. Якія былі першыя ўражанні?

- У парафію прыехаў упершыню за тыдзень да ўрачыстага ўваходу на служэнне пробашчам. Калі я прыехаў на плябанію, тут было каля 12 асобаў, якія тут працавалі і прыбіралі. Тады яны мяне вельмі міла прывіталі, а ўжо праз тыдзень сустрэлі мяне вельмі шчыра, урачыста, усе разам з айцом дзеканам Яцкам. Людзі тады былі вельмі задаволеныя і радасныя, што да іх прыбыў святар.

- Няхай ксёндз пазнаёміць нас са сваёй парафіяй, а таксама са штодзённым жыццём парафіі.

- У Міжэрычах маем школу, дзе вучыцца каля 50 дзяцей. На жаль, дзяцей па вёсках усё меней, але ў нас ёсць значная група міністрантаў, таксама праводзіцца катэхеза для дзяцей і моладзі. Сама парафія налічвае каля 400 чалавек. Некаторыя лічаць, што гэта мала парафія, малая група людзей, але калі паглядзець на сэрцы гэтых людзей, то яны вельмі вялікія. Людзі ангажуюцца ў жыццё парафіі, дапамагаюць ва ўсім. Сэрца чалавека з’яўляецца важнейшым, чым тое, колькі чалавек у парафіі – 400 ці 1000 асоб. Людзі тут разумеюць, што яны адказныя за сваю святыню.

- Як Вашыя парафіяне перажываюць 100-годдзе касцёла?

- Ёсць хросты, ёсць іншыя святы, якія адзначаюцца ў сем'ях вельмі радасна, але свята 100-годдзя касцёла не святкуецца штодня і не кожнаму дадзена, каб адзначыць у гэтыя часы, у гэтай эпосе 100-годдзя касцёла. Я прасіў сваіх парафіян, каб яны як наймацней заангажаваліся ў перажыванне гэтага юбілею, і перадусім гэта не толькі прыбіранне ў касцёле і самога храма, а перадусім гэта перажыванне ў сэрцах. Каб яны маглі ў гэтую ўрачыстасць прыступіць да св. Камуніі. У Марыйны месяц на ружанцы, як і ў Марыйным касцёле, пад назвай Звеставанне НПМ, мы прасілі аб апецы нашай Маці Найдаражэйшай. На ружанцы мы прасілі і просім, каб уся нашая парафія ўдзельнічала ў гэтым юбілеі.

- Якія пажаданні ксяндза пробашча на Год веры?

- Распачынаючы Год веры, мы хочам знайсці нанова тую праўдзівую веру, якую нясе нам Езус Хрыстус. Такая вера ад Хрыста нясе кожнаму чалавеку любоў і прабачэнне. Жадаю кожнаму чалавеку знайсці сваю дарогу да святыні, каб кожны чалавек быў моцнай веры, каб людзі былі моцныя ў сваіх традыцыях і заўсёды былі верныя Пану Богу кожны дзень свайго жыцця.

Размаўляў кс. Павел Салабуда