Skip to main content

А. Ян Банькоўскі: калі я пераходзіў мяжу Беларусі, я быў святаром і харцэрам

З прычыны 100-годдзя парафіяльнага касцёла ў Міжэрычах на ўрачыстасць прыбыў былы пробашч гэтай парафіі а. Ян Банькоўскі OFMCap, які праслужыў у гэтай парафіі 20 гадоў. Падчас успамінаў а.Ян неаднойчы з вялікім узрушэннем, а нават са слязьмі на твары ўзгадваў сваіх парафіян, а таксама тыя хвіліны супольнай малітвы.

- Ойча, распавядзіце, калі ласка, якія найпрыгажэйшыя моманты засталіся ў Вашай памяці за 20 гадоў служэння ў парафіі ў Міжэрычах?

- Такіх вельмі радасных хвілін было вельмі шмат. Нават цяжка штосьці вылучыць. Ужо тое, што ў гэтых людзей пасля такіх цяжкіх часоў, часоў пераследу захавалася вера. Бо касцёл быў 50 год пераўтвораны ў гараж мясцовага калгаса, быў моцна панішчаны, людзі павінны былі ісці ў касцёл далёка, нават за 50 км, аднак тая вера і энтузіязм засталіся ў сэрцы тых людзей. Нават больш – дзякуючы той веры вернікі хацелі аднавіць касцёл нанова, і каб той касцёл застаўся жывым (ад аўтара: а. Ян плача). Відаць, гэтыя хвіліны былі самымі шчаслівымі. Гэта было вельмі ўзрушальна.

- Калі вярнуцца на пачатак паслугі айца, ад чаго трэба было пачынаць 20 гадоў таму?

- У Міжэрычах асабліва трэба было пачынаць ад душпастарства дзяцей, якія прыходзілі ўпершыню пасля многіх гадоў. Гэта былі тады дзеці, якія ведалі толькі пацеры, а праўд веры не разумелі, і ўласна трэба было іх гэтаму вучыць, катэхізаваць. Іх прыходзіла вельмі шмат, можна сцвярджаць на 100%, нават дзеці з праваслаўных сем’яў прыходзілі. Калі я прыйшоў, то ўжо касцёл быў аддадзены, і а. Вітольд Жыльветра са Слоніма аднавіў гэты касцёл разам з парафіянамі. Ён сюды прыехаў, арганізаваў людзей, якія ішлі сюды як ва ўласны дом. Калі я прыехаў, касцёл ужо меў свой дах, не было падлогі, не было яшчэ шмат рэчаў, але ўжо св. Імшу можна было адпраўляць.

- Якой была вера тых людзей?

- Вера была вельмі глыбокай, можа, яшчэ не поўнай усведамлення, ці дакладных такіх правілаў веры, але ўнутры гэта былі людзі вельмі веруючыя. Нават зараз прашу заўважыць, як перад урачыстасцю 100-годдзя гэтыя людзі (айцец у чарговы раз плача) рыхтуюцца, каб прывітаць ксяндза біскупа, і я бачу тых занятых каля касцёла людзей, як быццам бы толькі зараз гэты касцёл яны атрымалі - тое, што робіцца 20 гадоў. Тая вера не згасла, яна жыве дагэтуль.

- Якая была найвялікшая цяжкасць на шляху душпастарскай паслугі?

- Цяжка мне знайсці такі момант, каб мог адказаць на гэтае пытанне. Калі сюды прыехаў, не меў дзе жыць. Падавалася, што гэта была вялікая праблема, але людзі адразу знайшлі кватэру. Ежа? Я доўгі час нават не мусіў хлеба купляць, людзі прыносілі мне ежу. Гэта было штосьці неверагоднае, я ім казаў, каб не прыносілі, што я ўсё маю, а яны яшчэ болей. З уладамі таксама было вельмі добра. Звяртаючыся да іх, заўсёды меў вельмі ахвотную дапамогу. Таму я цяжкасцей не меў. Не ўмею знайсці чагосьці такога, што было б цяжкасцю.

- Айцец падчас урачыстасці пачуў шмат слоў удзячнасці, атрымаў папскую адзнаку з рук біскупа. Якая найвялікшая ўзнагарода для Айца?

- Найвялікшай узнагародай для мяне з’яўляецца тое, што я бачу тых людзей, якія прывязаныя да касцёла. Гэта самая вялікая для мяне радасць (айцец зноў заплакаў).

- Як выглядае сённяшняе жыццё і паслуга айца ў Польшчы?

- На дадзены момант я знаходжуся ў сваім сямейным горадзе Ломжы, гэта каля 200 км ад Міжэрыч. А маёй працай з’яўляецца служэнне ў хоспісе. Штодзень я па дзве гадзіны хаджу па хоспісе і абслугоўваю хворых, удзяляю св. Камунію, і тры разы на тыдзень адпраўляю св. Імшу.

- Будучы ў Беларусі, айцец таксама меў духоўную апеку над харцэрамі. Адкуль такая зацікаўленасць?

- Я сам з’яўляюся харцэрам 60 гадоў, і калі перакрочваў мяжу з Беларуссю, быў святаром і харцэрам. Нашу харцэрскі крыж. Харцэр складае клятву: “Маю шчырую волю ўсім жыццём служыць Богу і Радзіме, ахвотна несці дапамогу бліжнім і быць паслухмяным харцэрскаму праву”. А харцэрскае права гэта 10 пунктаў, якія аналагічныя 10 запаведзям Божым. Харцэрства гэта самавыхаванне чалавека. Да харцэрства належыць чалавек, які пазнае Бога і праз гэта стараецца быць шчырым, добрым чалавекам, служыць іншым людзям. Калі б такія людзі былі ў краіне, то не трэба было б баяцца за яе, была бы роўнасць, справядлівасць, шчырасць. Калі я прыехаў, то знайшоў тут магілу каля касцёла. Гэтая магіла аказалася кс. Томаша Каліньскага, які быў замучаны ў 1941 годзе і быў тут пахаваны і акружаны пашанай вернікаў. Панёс смерць маладым, маючы 48 гадоў. Люзі хацелі, каб ён тут схаваўся, а святар сказаў так: “Там, дзе авечкі, там павінен быць і пастыр”. Калі чытаў кніжку “Walczące Grodno”, героем гэтай кніжкі з’яўляецца ўласна кс. Томаш, які быў харцэрам і прасоўваў у Гродне харцэрства. Гэта мяне абавязала, каб у гонар гэтага чалавека падняць душпастарскую працу, каб закласці тут харцэрства. Прыйшло вельмі шмат моладзі, і яны стараліся быць добрымі людзьмі і сапраўды такімі выраслі.

- Перажываем Год веры, якія пажаданні айца парафіянам, людзям добрай волі?

- Хацеў бы, каб яны і надалей мелі такі вялікі энтузіязм пры здабыванні касцёла, святыні, а зараз, рыхтуючыся да 100-годдзя храма з радасцю, каб у гэтай радасці трывалі ўсё сваё жыццё, каб умелі таксама ўзаемна сабе прабачаць як у найлепшай сям’і.

- Дзякуй за размову!

Кс. Павел Салабуда