Skip to main content

У Шчучыне адбылося аднаўленне св. місій і парафіяльны адпуст

З 12 па 15 кастрычніка ў парафіі ў Шчучыне адбывалася аднаўленне місій, якія ў мінулым годзе праводзілі айцы рэдэмптарысты. Таксама гэтае рэлігійнае мерапрыемства было спалучана з урачыстым святкаваннем парафіяльнага адпусту. Парафіянка са Шчучына вырашыла распавесці пра гэтыя важныя лакальныя падзеі.

У жыцці кожнага з нас бываюць моманты, калі нам патрэбна падтрымка і ўмацаванне нашай веры. У мінулым годзе айцы рэдэмптарысты стараліся надаць больш дынамізму нашай веры падчас правядзення парафіяльных місій. Прайшоў год, і вось яны зноў наведалі нас, каб абнавіць нашыя веды, пачуцці і ўсё тое, што атрымалася да нас данесці.

Аднаўленне місій праходзіла ў нашым горадзе з 12 па 15 кастрычніка. Усе гэтыя чатыры дні мы сапраўды адчувалі сябе адной супольнасцю, Касцёлам. Праграма была даволі такі цікавай. У першы дзень (пятніцу) а. Валерый правёў сустрэчу з моладдзю. Былі абмеркаванні, разважанні, розныя цікавыя гісторыі, прыклады з жыцця на тэму "Касцёл - гэта наш дом". Вечар пятніцы і суботы скончыўся марыйным заклікам, падчас якога супольна складалі падзякі і прасілі аб заступніцтве Божую Маці.

Нядзельным вечарам - малітва за памерлых. Айцы місіянеры вымаўлялі імёны тых, хто памёр за гэты год, не дачакаўшыся аднаўлення місій, і за іх запальвалі свечкі ад полымя Пасхала. Гэтым вечарам на тварах людзей можна было адначасова ўбачыць шкадаванне за тое, што тыя людзі адышлі з гэтага свету, і радасць, таму што ёсць асаблівая нагода іх успомніць і за іх памаліцца. Скончылася ўсё святой адпустовай Імшой у гонар св. Тэрэзы Авільскай, дзе нас сваёй прысутнасцю ўшанаваў асістэнт генерала айцоў піяраў разам з айцом Правінцыялам.

Матэрыял падрыхтавала Анастасія Ясюкевіч