Skip to main content

Юбілей касцёла ў Міжэрычах

У нядзелю 21 кастрычніка парафія ў Міжэрычах будзе адзначаць юбілей 100-годдзя касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыстая святая Імша, якую ўзначаліць ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, распачнецца а 12-й гадзіне. Плануецца, што на парафіяльнай урачыстасці будуць прысутнічаць святары з іншых парафій, прадстаўнікі мясцовай улады і шматлікія госці.

Паводле кс. пробашча Дзяніса Шмыгіна, урачыстасць у Міжэрычах мае асаблівае значэнне, якое паказвае, што нягледзячы на шматлікія праблемы і цяжкасці, вернікі збераглі сваю святыню ад поўнага знішчэння, а перадусім захавалі жывую веру ў сваіх сэрцах.

"Прыгожы стогадовы храм з’яўляецца бачным знакам духоўнай сталасці і мужнасці нашых парафіян,” - дадаў святар.

Будаўніцтва касцёла ў Міжэрычах распачалося ў 1907 годзе, а восенню 1912 г. ксёндз канонік Тарасевіч урачыста кансэкраваў яго. У часы ваюючага атэізму храм быў гаражом для трактароў і такім чынам паступова руйнаваўся. Пасля ўпадку камунізму касцёл вярнулі вернікам. У касцёле знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Міжэрычскай.