Skip to main content

Заўтра патранальнае свята медыкаў

Заўтра 18 кастрычніка каталіцкі Касцёл узгадвае св. Луку, евангеліста. Святы лічыцца апекуном медыкаў, таму ў гэты дзень таксама ўшаноўваюцца ўсе працаўнікі службы аховы здароўя. У Гродне з 2007 года існуе душпастарства працаўнікоў службы аховы здароўя горада. Ужо 5 гадоў каталіцкі Касцёл у Гродне атуляе пастырскай апекай медыкаў горада: дактароў, фельдшараў, медыцынскіх сясцёр, акушэраў, лабарантаў, працаўнікоў аптэк, выкладчыкаў, а таксама медыкаў-пенсіянераў.

Ініцыятарам і заснавальнікам яго з’яўляецца кс. Андрэй Радзевіч. Гэты напрамак душпастарства мае вельмі ўзнёслыя каштоўнасці і з’яўляецца выразам глыбока чалавечага і хрысціянскага задання – служыць жыццю. Мінавіта ў клопаце пра чалавечае жыццё найбольш яскрава адлюстроўваецца сапраўдная справа чалавецтва, якім з’яўляецца ахова фізічнага і духоўнага жыцця. Сучасныя дасягненні ў медычнай сферы, а таксама эксперыменты на чалавечым арганізме нясуць за сабой пагрозу не толькі для асобы, але і ўсяго грамадства. Душпастарства службы здароўя працуе над тым, каб людзі, якія прысвяцілі сябе служэнню іншым людзям - хворым і церпячым, мудра і на адпаведнім этычным ўзроўні выкарыстоўвалі свае веды і здольнасці на карысць дабра бліжняга.

Суб’ектам дзейнасці службы здароўя і яе душпастарства з’яўляецца кожны чалавек, а хворы асабліва. Ужо ў Старым Запавеце можна знайсці ўспамін пра лекараў і павагу да іх працы (Экл 38,1-3,11-13). У Новым Запавеце, асабліва ў св. Лукі, Хрыстус часта злучаў паслугу лекара душаў з паслугай лекара цела. Ён лячыў не толькі фізічныя недамаганні, але аздараўляў усяго чалавека (Лк 5,14-15; 6, 17-18). Па сёняшні дзень розныя хрысціянскія інстытуцыі, прасякнутыя духам любові, працягваюць у свеце місію Езуса – нясуць дапамогу слабым і хворым. Таму святар-душпастар службы здароўя стараецца дапамагчы медыкам, на роўні з інтэлектуальнымі і прафесійнымі здольнасцямі, сфармаваць іх сэрца, падобнае да Сэрца Езуса. Гэта і ёсць галоўная мэта нашай узаемнай працы.

На сённяшні дзень у душпастарскіх сустрэчах прымаюць актыўны ўдзел каля 40-50 асобаў. Праходзяць сустрэчы кожную трэцюю нядзелю месяца ў пабрыгідскім касцёле ў Гродне. Пачынаюцца св. Імшой, а потым ладзіцца канферэнцыя, дыскусіі адбываюцца ў кляштары сясцёр св. Сям’і з Назарэту.

Кс. Мікалай Ціхановіч, кіраўнік душпастарства працаўнікоў службы аховы здароўя ў Гродне