Skip to main content

Духоўныя сустрэчы для мужчын аказаліся моцна запатрабаванымі

У рэкалекцыях у Росі, якія праводзіў Дональд Турбіт 13 кастрычніка, прыняло ўдзел каля 70 мужчын рознага ўзросту. Яшчэ адну духоўную сустрэчу для мужчын сп. Дональд правёў у гродзенскай катэдры 14 кастрычніка. Касцёл пасля вячэрняй св. Імшы быў запоўнены цалкам.

Падчас аднадзённых рэкалекцый у Росі сп. Дональд прачытаў тры канферэнцыі, у якіх разважаў над тым, да чаго заклікае Бог мужчыну, у чым прызначэнне мужчыны і як яго рэалізоўваць. Таксама сп. Дональд распавёў пра каталіцкіх рух “Мужчыны св. Юзафа”. Паміж канферэнцыямі была магчымасць задаць пытанні рэкалекцыяністу. Удзельнікі праявілі жывую цікавасць да тэмы і актыўна задавалі пытанні – адносна выхавання дзяцей, веры, вопыту сп. Дональда і інш.

Пасля канферэнцый удзельнікі маліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці, які быў спалучаны з малітвай за мужчын, пасля адбылася св. Імша і адарацыя.

Па словах удзельнікаў, рэкалекцыі для мужчын аказаліся вельмі цікавымі і прымусілі задумацца над многімі рэчамі, гэтая тэма аказалася запатрабаванай сярод нашых вернікаў. Сп. Дональд таксама лічыць, што рэкалекцыі для мужчын неабходныя і запатрабаваныя. Зараз складаецца крытычная сітуацыя ў касцёлах: 200 гадоў таму ў святынях пераважалі мужчыны, а цяпер назіраецца адваротная сітуацыя. Многія мужчыны лічаць, што ў касцёлы павінны хадзіць жанчыны і дзеці. Рух “Мужчыны св. Юзафа” пакліканы змяніць гэтую сітуацыю. Адраджаць Касцёл, лічыць сп. Дональд, трэба з мужчын – гэта яны павінны весці сям’ю да Бога, у касцёл. Мужчына павінен быць духоўным лідэрам для сваёй сям’і.

Таму рух “Мужчыны св. Юзафа” ставіць перад сабой дзве мэты: прывесці мужчын да асабістых стасункаў з Богам і завязаць добрыя стасункі паміж мужчынамі-католікамі. Групы гэтага руху існуюць у Польшчы, Амерыцы, Канадзе і іншых краінах. Зараз яны ствараюцца і ў Беларусі.