Skip to main content

Бенедыкт XVI: у Касцёле таксама ёсць чалавечыя слабасці і грахі


У чацвер 11 кастрычніка Святы Айцец Бенедыкт XVI павіншаваў 40 тысяч вернікаў, якія прыйшлі на плошчу св. Пятра ў працэсіі з лямпіёнамі з нагоды пяцідзесятай гадавіны адкрыцця Ватыканскага Сабору. Папа гаварыў, што ў Касцёле таксама ёсць грахі і чалавечыя слабасці.

Звяртаючыся з кароткім віншаваннем да ўдзельнікаў маршу, арганізаванага італьянскай Каталіцкай Акцыяй, Бенедыкт XVI згадаў, што ён быў на плошчы перад ватыканскай базілікай вечарам 11 кастрычніка 1962 года, гэта значыць, у той дзень, калі Ян XXIII адкрыў Ватыканскі Сабор.

“50 годоў таму ў гэтым акне стаяў добры папа Ян і скіраваў да нас памятныя словы, поўныя паэзіі, дабрыні, якія ідуць проста з сэрца. Мы былі шчаслівымі і поўнымі энтузіязму. Распачаўся менавіта вялікі Сабор экуменічны, а мы былі ўпэўненыя, што надыдзе новая вясна для Касцёла, новае Спасланне Святога Духа, новая вызваленчая прысутнасць Евангелля,” – сказаў папа, які, будучы 35-гадовым святаром, быў у той час тэалагічным экспертам саборных пасяджэнняў.

“Таксама сёння мы шчаслівыя, нясем радасць у сэрцы, але я бы сказаў, што гэтая радасць больш стрыманая, пакорная радасць,” - дадаў Бенедыкт XVI у кароткай прамове да верных.

“На працягу гэтых 50 гадоў мы даведаліся і адчулі, што першародны грэх існуе і аказвае ўздзеянне на асабістыя грахі, якія могуць стаць структурамі граху, улічваючы, што на полі Пана таксама ёсць куколь, а ў сетцы Пятра дрэнная рыба, што чалавечая слабасць прысутнічае і ў Касцёле, што касцёльны неф плыве па ветры, пры варожых пагрозах. Часам мы думалі таксама, што Пан спіць і забыўся пра нас,” - падкрэсліў папа. Затым нагадаў вернікам, што “агонь Хрыста не паглынае, але і не знішчае”, толькі гарыць у цішыні “малым полымем дабрыні”.

У канцы Бенедыкт XVI паўтарыў за Янам XXIII яго словы, сказаныя падчас так званай прамовы пад месяцам: “ідзіце дадому і палáшчыце дзяцей, скажыце, што гэта ад папы”.

Паводле матэрыялаў PAP

Фотаздымак з http://www.guardian.co.uk/