Skip to main content

Ліда ўрачыста сустрэла пачатак Года веры

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе Год веры распачаўся ў нядзелю 14 кастрычніка св. Імшой а 13-й гадзіне. Падчас св. Імшы адбыўся ўрачысты працэсійны ўваход, падчас якога ўнеслі Евангелле і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла як крыніцы пазнавання і паглыблення веры.

Замест казання былі прачытаны фрагменты Пастырскага паслання Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Год веры, каб патлумачыць парафіянам сэнс гэтай падзеі. У працэсіі з дарамі неслі найстарэйшую кнігу хросту, Катэхізіс, крыж, свечку, хлеб і віно.

Падчас святой Імшы адбыўся хрост блізнятак. Ксёндз пробашч Уладімір Гуляй падкрэсліў гэтую адметную падзею, кажучы, што кожны з нас атрымлівае веру праз хрост. Бацькі з хроснымі маюць адказнасць за выхаванне дзяцей у веры. Сёння ёсць магчымасць паглыбляць сваю веру і пазнаваць навуку Касцёла любымі сродкамі, дадаў кс. пробашч.

На заканчэнне адбылася малітва аб плённым перажыванні Года веры. Гэта усё павінна дапамагчы лепш зразумець, як вера мае вялікае значэнне ў жыцці кожнага хрысціяніна, нагадаць пра тое, што з’яўляецца галоўным для веруючага чалавека.