Ксёндз Лешак прыехаў у Капцёўку ў 1992 годзе, прычым сам папрасiў пасадзейнiчаць у пераводзе сюды сваё епархiяльнае кiраўнiцтва. I такое жаданне было невыпадковым: менавiта тут, у Капцёўцы, добрую памяць аб сабе пакiнуў яго сваяк i калега Ян Храбонш. Гэта ён у 1936 годзе паклаў пачатак гiсторыi тутэйшай рымска-каталiцкай парафii, а яшчэ праз тры гады было завершана будаўнiцтва касцёла.
Потым ксёндз Храбонш служыў капеланам у польскiм войску, а калi вярнуўся з вайны, то быў арыштаваны. Доўгi час ён для сваякоў лiчыўся прапалым без вестак i толькi ў 1988 годзе Лешак Дамагала даведаўся з адной кнiжкi, што ягоны продак загiнуў ва Узбекiстане. А пабудаваны намаганнямi Яна Храбонша i прыхаджан касцёл быў прыстасаваны пад збожжасховiшча, затым — пад млын…
У 1991 годзе мясцовыя жыхары звярнулiся з пiсьмом да Гарбачова, пасля чаго напаўразбураны будынак перадалi касцёлу, i з прыездам Лешака Дамагалы пачалося яго аднаўленне. Гаспадарчым спосабам, талакой. Ксёндз кажа, што ён вельмi ўдзячны сваiм прыхаджанам за самаадданую работу (асаблiва ўражаны ён працавiтасцю жанчын), а таксама кiраўнiцтву гаспадаркi за дапамогу тэхнiкай.
Зрэшты, толькi адбудовай касцёла, якая завяршылася ў 2000 годзе, iнтарэс Лешака Дамагалы не абмежаваўся. Шукаючы архiўныя сведчаннi аб ранейшым выглядзе храма, ён пазнаваў i гiсторыю Капцёўкi, навакольных вёсак. У прыватнасцi, даведаўся, што вядомы беларускi i лiтоўскi асветнiк, матэматык, астраном Марцiн Пачобут-Адлянiцкi (1728—1810) нарадзiўся ў вёсцы Саломенка, якая ўваходзiць у тутэйшую парафiю. Памяць аб гэтым вучоным, чыiмi адкрыццямi i цяпер карыстаюцца ў абсерваторыях многiх краiн свету, ушаноўвае мемарыяльная дошка на сцяне касцёла.
З беларускiх, польскiх i лiтоўскiх архiваў, а таксама ад мясцовага насельнiцтва ксяндзу стала вядома i пра колiшнiя могiлкi. Аказваецца, раней яны iснавалi практычна ля кожнай вёскi, але сёння там лес цi поле i быццам нiшто ўжо не нагадвае пра месцы пахавання нашых продкаў. “Нiшто?” — засумняваўся Лешак Дамагала. I з дапамогай тутэйшых старажылаў распачаў пошукi “сведкаў” — надмагiльных камянёў, якiя затым былi дастаўлены да касцёла. Ксёндз i сваёй машынай iх прывозiў, i вяскоўцы свайго транспарту альбо коней не шкадавалi. I ў вынiку сёння гэтыя васемнаццаць камянёў утварылi ля касцёла алею памяцi, у тым лiку i аб ужо неiснуючых вёсках.
— Гэты камень людзi мне паказалi каля вёскi Жылiчы, — расказвае ксёндз Дамагала. — Гэты, у памяць аб вёсцы Кавальцы, якая ўжо аб’яднаная са Славiчамi, знайшлi ў лесе. Гэты адшукалi ля вёскi Каменка там, дзе была бульба. А вось камень з вёскi Саломенка мы выявiлi яшчэ вясной, аднак каб забраць яго, не пашкодзiўшы аўтамабiлем пасевы, давялося чакаць завяршэння жнiва.
На камянях самай рознай формы выбiты крыжы i даты: 1816, 1818, 1858, 1869… Лешак Дамагала тлумачыць, што гэта пазначаны год смерцi чалавека.
— Такiмi надмагiльнымi камянямi, — лiчыць святар, — ушаноўвалi памяць аб сваяках не багатыя людзi, а тыя, у каго не было магчымасцi ўстанавiць помнiк. Яны iшлi ў поле, знаходзiлi камень, счэсвалi адзiн бок, пазначалi год i ставiлi на магiле. Цяпер гэта алея для маiх парафiян — як напамiн аб iх каранях, каб яны не забывалi сваiх продкаў.
Дарэчы, калi Лешак Дамагала бывае ў Польшчы на сваёй радзiме ў Кельцах, то абавязкова прыходзiць да магiлы праваслаўнага святара, з якiм быў знаёмы. Тут, у Капцёўцы ён разам з айцом Мiхаiлам сустракаецца з ветэранамi Вялiкай Айчыннай вайны, а пры размеркаваннi дапамогi па лiнii каталiцкай дабрачыннай арганiзацыi “Карытас” нiколi не падзяляе яе атрымальнiкаў згодна з iх веравызнаннем.
У гэтых, стаўшых ужо любiмымi для Лешака Дамагалы мясцiнах яго ведаюць у многiх сем’ях, у тым лiку так званых цяжкiх, якiм ён стараецца дапамагчы стаць на шлях сапраўдны. А вось яшчэ адну сваю неад’емную мiсiю яму хацелася б выконваць як мага радзей, але… За пятнаццаць гадоў, з сумам адзначае ксёндз Дамагала, ён пахаваў каля шасцiсот чалавек. Праўда, ёсць надзея, што дэмаграфiчная сiтуацыя будзе паляпшацца: на першага студзеня гэтага года насельнiцтва на тэрыторыi Капцёўскага сельсавета ў параўнаннi з тым жа перыядам мiнулага года павялiчылася з 5297 да 5320 чалавек.
// Барыс Пракопчык, Звязда