Skip to main content

Карытас Гродзенскай дыяцэзіі: асноўныя кірункі дзейнасці

Каталіцкі Касцёл згодна з вучэннем Хрыста імкнецца несці дапамогу кожнаму чалавеку, незалежна ад светапогляду, стылю жыцця, веравызнання, нацыянальнасці і расы. На дадзены момант Касцёл стараецца рэалізаваць словы свайго Збаўцы праз стварэнне шматлікіх дабрачынных арганізацый, сярод якіх адной з найбуйнейшых з’яўляецца Карытас (у перакладзе з лацінскай мовы тлумачыцца як міласэрнасць, любоў), якая праводзіць сваю гуманітарную дзейнасць і ў Гродзенскай вобласці.

Неафіцыйным пачатакам дзейнасці Карытас лічыцца 1990 год. Час, калі Беларусь вызваляецца ад бандыцкага камуністычнага рэжыму і атрымлівае незалежнасць, калі кожны веруючы атрымлівае магчымасць публічна вызнаваць веру ў Бога. Менавіта ў гэты час прыходзіць першая гуманітарная дапамога, якую пачаў аказваць каталіцкі Касцёл людзям у патрэбе. Праз некалькі гадоў, у 1994 годзе Карытас праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю.

Дзейнасць Каратас у нашай дыяцэзіі прадстаўлена даволі шырокімі ініцыятывамі, такімі як: аказанне індывідуальнай і групавой дапамогі дзецям сіротам, шматдзетным і няпоўным сем’ям, хворым, інвалідам, самотным, бяздомным, вязням і іншым патрабуючым. Вельмі актыўна і даволі працяглы час праз гэтую ўстанову ладзіцца арганізацыя адпачынку і аздараўлення дзяцей як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі. У распараджэнні Карытас Гродзенскай дыяцэзіі ў дадзены момант знаходзіцца некалькі мэтавых дабрачынных установаў, такіх як: сталовая для бяздомных, дабрачынны аптэчны пункт, аздараўленчы дзіцячы лагер у в. Няцеч, сацыяльная кансультацыя, пункт сацыяльнай дапамогі, дыяцэзіяльны “Дом Міласэрнасці”, а таксама існуе пяць лакальных парафіяльных пунктаў у Астраўцы, Новым Двары, Слоніме, Воранаве і Іўі, дзе кожны мясцовы жыхар мае магчымасць атрымаць адпаведную дапамогу на месцы.

Карытас займаецца не толькі нясеннем матэрыяльнай дапамогі патрабуючым, але і імкнецца несці духоўную падтрымку для тых, хто апусціўся на сацыяльнае дно і пазбаўлены надзеі. Кіраўніцтва Карытас прыкладае вялікія намаганні для належнай духоўнай фармацыі сваіх працаўнікоў праз удзел у рэкалекцыях і курсах па арганізацыі і правядзенні дабрачыннай дзейнасці.

Калі вам няма да каго звярнуцца і папрасіць дапамогі, калі вы не ведаеце, дзе яе знайсці, то калі ласка, звяртайцеся ў Карытас Гродзенскай дыяцэзіі па адрасе:

230025, г. Гродна, вул. К.Маркса, 4

Тэлефон: 8 (0152) 75-34-12, факс: 8 (0152) 75-34-11

E-mail: caritas@mail.grodno.by, інтэрнэт-старонка: www.caritas.grodnensis.by

Дырэктар: ксёндз Віталій Дабраловіч, нам. дырэктара: Алена Яўгенаўна Міхайлік..

Калі вы жадаеце дапамагчы патрабуючым разам з нашай дыяцэзіяльнай дабрачыннай арганізацыяй, то свае дабраахвотныя ахвяраванні ёсць магчымасць пералічыць у любым аддзяленні банка, пазначыўшы ў квітанцыі наступныя рэквізіты:

Атрымальнік плацяжу: БКО "КАРЫТАС" Гарадзенскай Дыяцэзіі

Найменне банка: ГРУ ААТ "Белвнешэкономбанк" код 204

Рахунак атрымальніка: 3135140164008 (рублёвы) УНП: 500160938

Від плацяжу: Добраахвотныя ахвяраванні