Skip to main content

У Польшчы паставілі оперу пра сястру назарэтанку з Навагрудка

Гераіняй опернага спектакля “Малгажата”, пастаўленага ў адным з касцёлаў Познані, стала сястра назарэтанка з Навагрудка. С. Марыя Малгажата ад Сэрца Пана Езуса, канаючага ў Садзе Аліўным, нарадзілася 10 крсавіка 1896 года каля Вадовіц, а памерла 26 карсавіка 1966 года ў Навагрудку. У пастаноўцы паказваецца жыццёвы шлях с. Малгажаты, а таксама прыбыццё назарэтанак у Навагрудак, пачатак ІІ Сусветнай вайны, трагічны лёс 11 сясцёр і трыванне с. Малгажаты на варце веры ў вельмі цяжкіх часах савецкай паваеннай рэчаіснасці да канца свайго жыцця.

1 жніўня 1943 года на світанку 11 сясцёр назарэтанак былі расстраляныя ў невялікім ляску. 12-й павінна была быць с. Малгажата, аднак калі яна вярталася з начнога дзяжурства ў мясцовым шпіталі, сястра настаяцельніца забараніла ёй ісці з сёстрамі, а наказала вяртацца дахаты і маліцца, а таксама апекавацца навагрудскай фарай і капеланам сясцёр кс. Аляксандрам Зенкевічам. Сёстры назарэтанкі памерлі, захаваўшы жыццё каля 120 арыштаваным жыхарам Навагрудка. Пры дапамозе мясцовых с. Малгажата знайшла агульную магілу сясцёр і пазней была пры іх эксгумацыі і перапахаванні пры навагрудскай фары ў сакавіку 1945 года.

Сваё ацаленне яна зразумела як знак Божай волі, што мусіць застацца на месцы і апекавацца касцёлам, а таксама дапамагаць і служыць людзям у падтрыманні іх веры. Так да канца жыцця с. Малгажата ахвярна служыла пры навагрудскай фары. Гэта былі цяжкія часы для Касцёла. Яна часта паўтарала: “Мучаніцтва духа – гэта павольнае скананне, я прагнула гэтага”.

С. Малгажата памерла пасля цяжкай хваробы 26 красавіка 1966 г. у Навагрудку і была пахавана на мясцовых могілках. 5 сакавіка 2000 года Святы Айцец Ян Павел ІІ у Рыме беатыфікаваў 11 сясцёр назарэтанак. Працэс беатыфікацыі с. Малгажаты і капелана сясцёр назарэтанак з Навагрудка кс. Аляксандра Зенкевіча быў распачаты ў 2003 годзе. Ад 2009 года ў Беларусі існуе Правінцыя блаславёных мучаніц з Навагрудка, а ў навагрудскай фары знаходзяцца іх рэліквіі і вісіць беатыфікацыйны абраз.

Паводле kresy.pl