Skip to main content

Падведзеныя вынікі круглых сталоў у рамках Кангрэса каталіцкіх СМІ

Ілля Лапата зачытвае вынікі круглага стала на тэму інтэрнэту

Істотнай падзеяй другога дня Кангрэса былі круглыя сталы па чатырох напрамках журналістыкі: друкаваных СМІ, радыё і тэлебачанню ды інтэрнэт-журналістыцы.

Мадэратар круглага стала на тэму інтэрнэту Павел Левушкан (партал Baznica.info, Латвія) адразу паставіў удзельнікаў перад фактам, што сучаснаму грамадству постмадэрна на патрэбная інфармацыя. Людзей сёння цікавяць не навіны, а гісторыі. Гэта значыць, што на першым месцы ўсё ж стаіць цікавы спосаб падачы матэрыяла, а не яго змест.

На жаль, творчы падыход даволі абмежаваны ў большасці каталіцкіх СМІ, бо ўсё гэта афіцыйныя медыі Касцёла. Гэта значыць, што існуе патрэба ў неафіцыйных пляцоўках для каталіцкіх журналістаў, дзе можна паказаць больш нефармальны твар веруючых.

Падчас перапынку на кавуІнтэрнэт, як і каталіцкая царква – сусветная з’ява. З гэтага пункту гледжання нам не хапае інфармацыі з жыцця касцёла ў суседніх краінах. Як заўважыў Павел Левушкан, у Латвіі – краіне-суседцы – веды пра каталіцтва ў Беларусі фактычна адсутнічаюць. Пра адваротны кірунак можна сказаць тое самае.

Удзельнікі круглага стала па тэлебачанні і радыё прапанавалі аднавіць школу журналістыкі і камунікацыі як частку адукацыйных устаноў каталіцкага Касцёла. Агучана была патрэба ў кадрах, бо існуе шмат сайтаў, але не хапае прафесіяналаў, якія хацелі і маглі б імі займацца. Таксама даволі пільнай патрэбай удзельнікам кангрэса падалася сістэматызацыя і стварэнне сапраўднага архіва відэазапісаў з жыцця Касцёла ў Беларусі.

Удзельнікі дыскутавалі на форуме і ў кулуарах

Круглы стол па друкаваных СМІ звярнуў увагу на мэтавую аўдыторыю: рабіць газеты і часопісы толькі для святароў і манахінь – няправільны шлях. З іншага боку, свецкія чытачы з вялікай ахвотай чытаюць тэксты напісаныя святарамі, што стварае праблему пошуку аўтараў. Як лічыць ксёндз Мікола Мышкоўскі (часопіс “Credo”, Украіна), знайсці добрага аўтара-святара надзвычай цяжка, бо мала хто з іх умее добра пісаць. Ксёндз Аляксандр Амяльчэня з беларускай службы Ватыканскага радыё паспрабаваў абвергнуць гэты стэрэатып аб “аморфных, наздольных і няграматных святарах” на прыкладзе рэдакцый, якімі ён кіраваў і кіруе цяпер. Паводле яго словаў, годныя святары нешматлікія і заўсёды занятыя, але знайсці іх і заахвоціць да супрацоўніцтва цалкам рэальна.

Апошнім мерапрыемствам другога дня кангрэса быў майстар-клас Алены Кулыгінай (Рэлігійна-інфармацыйная служба Украіны) на тэму выкарыстання Касцёлам PR-тэхналогій. Алена прадставіла ўдзельнікам некалькі цікавых прыкладаў PR з практыкі католікаў Польшчы і Украіны.

Пробашч Ян Кучынскі распавядае гісторыю гродзенскай КатэдрыПасля вячэры ахвотныя, якія мелі яшчэ на тое сілы, наведалі Катэдру, дзе ксёндз пробашч Ян Кучынскі грунтоўна, але з гумарам, распавёў гісторыю храма.