Skip to main content

У Гродне адкрыўся Першы Кангрэс каталіцкіх СМІ "Католікі – мы тут ёсць"

IMG 0056_600 Кангрэс распачаўся ўвечары 24 жніўня і праходзіць у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі. На ім сабралося каля сотні ўдзельнікаў з Беларусі і суседніх краін. У першы дзень прысутнічалі як прадстаўнікі каталіцкіх СМІ, гэтак і журналісты-католікі са свецкіх выданняў, а таксама прадстаўнікі праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў.

У зваротах на адкрыцці Кангрэса ерархі Касцёла падкрэслівалі сталую і даўно існуючую ў каталіцтве зацікаўленасць сферай масавай камунікацыі і інфармацыі. Прысутны Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў на гэта ўвагу ў кантэксце ўсё больш актуальнага закліку да «новай евангелізацыі» . Не абмінуў ён і больш свецкую місію мас-медыяў, "якія ўсё больш становяцца месцам публічнага жыцця", а значыць патрабуюць асаблівай руплівасці аб іх этычным выкарыстанні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, рэжысёр Кшыштаф Зануссі, ксёндз Мікола МышкоўскіКіраўнік прэсавай службы Ватыкана айцец Фэдэрыка Ламбардзі ў сваім відэазвароце нагадаў, што навучанне Папаў у апошнія сто год актыўна скіроўвалася ў кірунку СМІ - як прыклад можам узгадаць нават дакументы ІІ Ватыканскага Сабора.


Айцец Ламбардзі нагадаў, што праца ў сучасных медыях вельмі складаная і нагадвае чымсці доўгатэрміновыя інвестыцыі - вынік з'яўляецца не адразу. Пры гэтым ён акрэсліў дзве формы прысутнасці католікаў у сферы масавай інфармацыі: у свецкіх СМІ і ў тых, якія належаць Касцёлу. Абедзьве формы, хоць вельмі розныя, аб'ядноўваюць каштоўнасці, якімі мусяць кіравацца журналісты: годнасць асобы, справядлівасць, дабрыня, любоў, праўда і мір.


У канцы свайго звароту айцец Ламбардзі падзяліўся з удзельнікамі Кангрэса сваім асабістым дэвізам: "Камунікацыя для дыялогу, камунікацыя для адзінства!". Гэты дэвіз паказвае, што місія людзей камунікацыі - даваць людзям магчымасць сустракацца паміж сабой і з Богам, разумець, пазнаваць і любіць адзін аднаго. Таму камунікацыя гэта адзін з асноўных спосабаў рэалізацыі хрысціянскай місіі кожнага.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч


У падобным духу выказваўся і славуты польскі кінарэжысёр Кшыштаф Зануссі – безумоўна адзін з найбольш ганаровых гасцей кангрэса. Паводле яго, камунікацыя гэта абавязак хрысціяніна. Пры гэтым, парадаксальна, ва ўсё больш свабодным свеце сучаснасці быць хрысціянінам робіцца ўсё складаней.

 


І даклад "Католік у электронных медыях" і майстар-клас "Як сведчыць праўду ў аўдыёвізуальных СМІ", прачытаныя Зануссі, апынуліся дасціпнымі, поўнымі гісторый з жыцця і інтэлігентных жартаў, аповедамі. Абодва выступы імгненна расцярушваліся інтэрнэт-карыстальнікамі на цытаты. Яны, верагодна, найбольш і запомняцца ўдзельнікам першага дня кангрэса.


Ксёндз Мікола Мышкоўскі Без гумару не абыйшоўся і госць з Украіны, рэдактар часопіса "Credo" ксёндз Мікола Мышкоўскі. Ягоны даклад быў прысвечаны перспектывам выкарыстання новых медыяў у працы касцёла.

 
Кангрэс працягнецца 25 жніўня - на гэты дзень запланавана большасць дакладаў, рэфаратаў, майстар-класаў ды круглых сталоў. У нядзелю 26 жніўня ўдзельнікаў чакае падвядзенне вынікаў і св. Імша на заканчэнне.