Skip to main content

Навумавічы: успамін бл. Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў

13 ліпеня 1943 г. на фартах каля вёскі Навумавічы пад Гродна былі расстраляны 50 заложнікаў з Ліпска, сярод іх была блаславёная Мар’яна Бярнацкая. Жанчына аддала жыццё за сваю нявестку, якая чакала дзіця. Два дні пазней у тым самым месцы была расстраляна чарговая вялікая група заложнікаў, галоўным чынам з інтэлігенцыі. У гэтай групе сваё жыццё аддалі 6 святароў: д-р Вітольд Кузьміцкі, дзекан Дамброўскі, Юстын Скакоўскі, капелан касцёла сясцёр назарэтанак у Гродне, Казімір Шыпіла, вікарый з гродзенскай Фары, францішканін з гродзенскага кляштара а. Дыянісій Міхал Клімчак, кс. Браніслаў Руткоўскі, пробашч з Ліпска і Юзаф Плоньскі, пробашч з Рыгалаўкі.

У чарговую гадавіну 13 ліпеня на фартах была адпраўлена св. Імша з нагоды гадавіны мучаніцкай смерці. Адпраўляў Эўхарыстыю кс. Раман Катлімоўскі, выкладчык ВДС у Гродне, які таксама звярнуўся з Божым словам да вернікаў. Кс. Раман у казанні згадаў прысутным геройскія постаці мучанікаў 1943 года, асабліва звярнуў увагу на прыклад бл. Мар’яны, якая “аддала сваё жыццё за нявестку як вялікае праяўленне любові да сям’і, да блізкіх і да Хрыста”. Казнадзей звязаў прыклад жыцця блаславёнай са значэннем і месцам сям’і ў жыцці Касцёла і дзяржавы. Закранаючы тэму крызісу сённяшняй сям’і, кс. Раман прапанаваў сабраным браць прыклад вялікай любові, якую ў сваім сэрцы мела бл. Мар’яна.

На св. Імшы сабралася шмат вернікаў разам са святарамі з дэканату. Духоўную апеку над гэтым месцам праводзіць пробашч парафіі ў Адамавічах кс. Аляксандр Шэмет.

Здымак з radzima.org