Skip to main content

Вышэйшая духоўная семінарыя ў Гродне чакае будучых алюмнаў

З 13 па 15 ліпеня ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі будуць праходзіць рэкалекцыі для мам клерыкаў. Таксама на наступным тыдні запланаваны рэкалекцыі для міністрантаў. Пасля гэтага ў Гродзенскай семінарыі распачнуцца ўступныя экзамены.

Па словах кс. Яна Радзюка, духоўныя сустрэчы для маці клерыкаў розных курсаў сталі ўжо традыцыйнымі. Сёлета яны адбудуцца на тэму “Роля сям’і ў выхаванні будучых святароў” пад кіраўніцтвам кс. Яна Сарэлы, духоўнага айца семінарыі. На рэкалекцыях запланаваны духоўныя практыкаванні, малітвы, канферэнцыі. У мам будзе магчымасць задаць пытанні, пазнаёміцца з укладам семінарыйнага жыцця.

З 19 па 22 ліпеня семінарыя запрашае міністрантаў на рэкалекцыі аб распазнанні паклікання, якія правядзе духоўны айцец семінарыі кс. Тадэвуш Крыштопік. Пасля гэтага 23 ліпеня а 10-й гадзіне адбудуцца ўступныя экзамены для будучых алюмнаў: на веданне рэлігіі, пытанняў веры, гісторыі і жыцця Гродзенскай дыяцэзіі.

 

Ужо ёсць некалькі чалавек, якія падалі дакументы на навучанне ў семінарыі. Пасля рэкалекцый і экзаменаў можна будзе ўжо казаць пра колькасць першакурснікаў у новым акадэміным годзе, – распавёў кс. Ян Радзюк.

Пералік дакументаў, неабходных для паступлення ў семінарыю:

• пасведчанне аб святым хросце;

• пасведчанне аб канфірмацыі;

• пасведчанне аб катэхетычным навучанні;

• пасведчанне аб сакраманце сужэнства бацькоў;

• рэкамендацыйны ліст ад пробашча парафіі;

• пасведчанне аб агульнай сярэдняй адукацыі/ атэстат (вынікі тэсціравання);

• медыцынская даведка (форма 086);

• ваенны білет (пасведчанне прызыўніка);

• біяграфія (напісаная ўласнаручна);

• заява (з указаннем матывацыі паступлення ў семінарыю);

• пашпарт; копія старонкі з фотаздымкам;

• 4 каляровыя фотаздымкi (3х4) (у пінжаку, пад гальштукам).