Skip to main content

XIV Пілігрымка вырушае з Гродна

Сёлета пілігрымка ў Тракелі з Гродна вырушае 2 ліпеня пасля ўрачыстай св. Імшы, якая адбудзецца ў катэдры а 9-й гадзіне. Урачыстую св. Імшу адправіць і блаславіць пілігрымаў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч. Гэта ўжо 14-я пешая пілігрымка, якая з’яўляецца адной з найбольш шматлікіх у нашай дыяцэзіі.

Як распавёў кіраўнік пілігрымкі кс. Павел Салабуда, у гэтым годзе з Гродна вырушыць каля 300 пілігрымаў, але арганізатары мяркуюць, што па дарозе да пілігрымкі традыцыйна далучыцца яшчэ каля 150 асоб. Як і кожны год, траса пілігрымкі нязменная: перадусім начлегі ў Азёрах, Астрыне, Забалаці і Пагародне. У гэтым годзе традыцыйна ў Пагародне выступіць семінарыйны гурт “AVE”, а таксама падчас дарогі са сваімі сведчаннямі далучацца прадстаўнікі руху ананімных алкаголікаў і адказныя за скаўтаў Беларусі.

У плане пілігрымкі ў гэтым годзе ёсць таксама і новыя пункты, напрыклад, над Котрай у другі дзень пілігрымавання адбудуцца абрады святога хросту пілігрымаў, якія першы раз прымаюць удзел у пілігрымцы.

“У пілігрымцы веры да Марыі” – такі дэвіз нашай пілігрымкі і ўсёй сустрэчы ў Тракелях. Падчас пілігрымкі мы перш за ўсё прагнем духоўна падрыхтавацца да сустрэчы з нашай Маці, Марыяй. Гэта таксама чарговы этап у жыцці многіх з нас, які можа нас падрыхтаваць да адзначэння вялікага Года веры, што абвясціў папа Бенедыкт XVI. Таму запрашаем усіх: дзяцей, моладзь, сем’і, старэйшых людзей – да ўдзелу ў нашай пілігрымцы, – сказаў кс. Павел Салабуда.

Арганізацыйная сустрэча адбудзецца 30 чэрвеня ў катэдры пасля св. Імшы а 19-й гадзіне. Запрашаем усіх да ўдзелу ў пешай пілігрымцы ў санктуарый у Тракелях.