
Каб узмацніць і аднавіць у нашай парафіі плады душпастырскай і місійнай працы, ксёндз пробашч запрасіў місіянера айца рэдэмптарыста Андрэя Врублеўскага, каб правесці чарговыя місійныя сустрэчы – рэнавацыю місій. У першы дзень аднаўлення місій мы перажылі ўрачыстасць паяднання паміж сабой і з Панам Езусам. Спачатку ксёндз пробашч ад свайго імя папрасіў прабачэння ва ўсіх парафіян і падаў руку на знак паяднання, а затым падняў свае далоні ўверх, каб прасіць Бога дару паяднання і прабачэння для сваіх парафіян. Для ўсіх нас гэта была выключная хвіліна. Але пазней мы павінны былі вярнуцца дадому і здзейсніць жэст паяднання са сваімі блізкімі, альбо хаця б папрасіць аб гэтым дары праз асабістую і супольную сямейную малітву.
Чарговым этапам рэнавацыі быў момант паяднання з памерлымі падчас урачыстай працэсіі на могілкі. Там мы маліліся за ўвесь Божы люд – ад памерлых душпастыраў ажно да абаронцаў айчыны і веры. Маліліся таксама аб найлепшым дары Бога Айца, абяцаным нам Езусам Хрыстом, аб дапамозе з вышыні – аб дары прыязнасці са Святым Духам. Найбольш урачыстым момантам рэнавацыі быў парафіяльны адпуст у дзень нашага заступніка св. Яна Хрысціцеля. На адпустовай Імшы пасля місійнага казання айцец місіянер даручыў ксяндза пробашча, дзяцей, моладзь, татаў і мам, а таксама ўсіх хворых, пакутуючых і засмучаных парафіян Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса. Мы шчыра прасілі, каб нашыя сем’і і палі, дамы і дарогі быі пад апекай Сэрца Езуса. Урачыстая працэсія і Божае бласлаўленне ўмацавала нас на далейшую штодзённую дарогу да нябеснай айчыны.
Урэшце, ад імя ўсіх удзельнікаў парафіяльнага аднаўлення хочацца падзякаваць Пану Богу за дар веры і нашага каталіцкага Касцёла.