Skip to main content

Заканчэнне Парафіяды і ўзнагароджванне

parafiada-zakancz00235Па выніках усіх спаборніцтваў Парафіяды каманда з Росі атрымала І месца. Моладзь з гэтай парафіі ўпершыню ўдзельнічала ў спаборніцтвах, але адразу паказала найлепшы вынік. Другое месца ў агульным заліку ўзяла моладзь з парафіі Святой Сям’і з Ліды. Узнагароду за ІІІ месца павезлі дахаты маладыя вернікі з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне. Усяго ў сёлетняй Парафіядзе прыняло ўдзел каля 360 хлопцаў і дзяўчат з 27 парафій Гродзенскай дыяцэзіі.

Па словах кс. Артура Малафея, галоўнага арганізатара Парафіяды, сёлетнія спаборніцтвы вылучыліся большай колькасцю ўдзельнікаў. Таксама прыемна здзівіла каманда з Росі, якая прыехала на спаборніцтвы ўпершыню і вельмі ўдала выступіла на ўсіх конкурсах. Хацелася б, каб іншыя каманды з кіраўнікамі бралі прыклад з такой падрыхтоўкі. Чым яшчэ вылучалася Парафіяда, распавядае кс. Артур:

 - У гэтым годзе ў частцы трыяды "Стадыён" мы дадалі некаторыя віды спорту, каб дзеці маглі сябе яшчэ як мага больш рэалізаваць. Вялікая ўвага надаецца таксама не толькі фізічнаму боку Парафіяды, але таксама і духоўнаму. Больш за ўсё мяне ўразіла тое, што незалежна ад таго, якая каманда прымала ўдзел у спаборніцтвах, усе прысутныя ўзнагароджвалі пераможцу апладысментамі, а калі хтосьці не дабіваўся пазітыўных вынікаў, то апекуны груп прыходзілі з падтрымкай і суцяшэннем для тых удзельнікаў.

Урачыстую св. Імшу на закрыццё Парафіяды ўзначаліў кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч.

- Цешуся, што такая прыгожая справа, якой з’яўляецца Парафіяда, з кожным годам развіваецца, што шмат маладых людзей прыязджаюць, каб праз тое, што сцвярджае дэвіз парафіяды — рух упрыгожвае розум, сэрца і цела — развіваваць сваю веру і рабіць яе моцнай, — адзначыў біскуп напачатку святой Імшы.

Пасля Літургіі распачалося ўзнагароджванне пераможцаў, што працягвалася амаль 2 гадзіны пад дзіцячыя воклічы радасці за атрыманыя ўзнагароды. Кожныя агучаныя імёны пераможцаў суправаджаліся бурнымі апладысментамі. Стоячы на п’едэстале пад ўспышкі фотакамер моладзь, відаць, пачувала сябе сапраўднымі героямі. Некаторым удзельнікам было чым ганарыцца: хтосьці вёз у парафію адразу некалькі медалёў. Дзякуючы сем’ям Івашко, Лаўрыс і Занеўскіх парафіядоўцы атрымалі прыемныя падарункі. Аднак, як падкрэслівалася падчас усёй Парафіяды, самае важнае было не перамагчы, а супольна ўхваліць Бога прыгожымі спевамі, выступамі, спартыўнымі дасягненнямі, падзяліцца радасцю ад пачутых канцэртаў, узятых вышынь у спабрніцтвах. Атмасфера падчас усіх дзён парафіяды адчувалася сапраўды вельмі прыязнай і сяброўскай. Напэўна, таму, што шмат увагі надавалася духоўнаму аспекту: штодзённым Літургіям, малітвам, канферэнцыям, рахункам сумлення.

Напрыканцы кс. Артур падзякаваў усім удзельнікам, святарам і катэхетам, якія рыхтавалі і прывезлі дзяцей на спаборніцтвы, усім спонсарам за дапамогу, а таксама парафіяднаму камітэту і валанцёрам, якія арганізоўвалі гэтае вясёлае і маштабнае мерапрыемства.